Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.12.2023

Адбудзецца навуковая канферэнцыя «Шлях і прызначэнне»

8 снежня 2023 года ў 10.00 у ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» (Мінск, вул. Сурганава, 1, корп. 2, аўд. 302) адбудзецца навуковая канферэнцыя «Шлях і прызначэнне», прысвечаная юбілейным датам выдатных акадэмічных навукоўцаў-музыказнаўцаў, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі — доктара мастацтвазнаўства Віктара Іванавіча Ялатава (100-годдзе), доктара мастацтвазнаўства, прафесара Галіны Рыгораўны Куляшовай (95-годдзе), доктара мастацтвазнаўства, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Зінаіды Якаўлеўны Мажэйка (90-годдзе).

Іх навуковая біяграфія была звязана з дзейнасцю Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Планаваная канферэнцыя мае на мэце абагульніць тэарэтычную спадчыну навукоўцаў, прадэманстраваць развіццё іх навуковых канцэпцый у сучасных даследаваннях. У дакладах будзе разгледжана шырокае кола тэм — творчыя партрэты і навуковыя дасягненні юбіляраў 2023 года (В. І. Ялатава, Г. Р. Куляшовай, З. Я. Мажэйка), актуальныя пытанні вывучэння вуснатрадыцыйнай творчасці беларусаў, пытанні тэорыі і гісторыі музычнага мастацтва Беларусі, праблемы музычна-тэатральнага мастацтва, а таксама візуальнай антрапалогіі. У рабоце канферэнцыі прымуць удзел даследчыкі з вядучых навуковых арганізацый і адукацыйных устаноў Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі.

У рамках канферэнцыі адбудзецца прэзентацыя манаграфіі Т.Г. Мдзівані і А. П. Курцёнак «Музыкальная культура Гомеля конца XVIII — начала XXI в.». Сімвалічна, што кніга выйшла ў свет у год 95-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прысвечана памяці выдатнага беларускага музыказнаўцы Г. Р. Куляшовай, чыё 95-годдзе таксама адзначаецца ў 2023 годзе. У выданні даследуецца музычная культура Гомеля ва ўсіх сферах свайго праяўлення — музычнай адукацыі, кампазітарскай творчасці, канцэртнай практыкі, мастацкай крытыкі і асветніцкай дзейнасці, а таксама на ўсіх этапах яе гістарычнага развіцця. Упершыню музычны соцыум Гомеля разгледжаны як цэласны шматаспектны феномен, неад’емная частка нацыянальнай музычнай культуры, якая ўтварае кантэкст да расійскай і заходнееўрапейскай мастацкай спадчыны. Адрасуецца музыкам-прафесіяналам і аматарам музыкі.