Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.12.2023

Адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя «Выяўленчае мастацтва ў захаванні самабытнасці культуры і кансалідацыі грамадства на сучасным этапе»

14 снежня 2023 года ў 11.00 у філіяле «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы» ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (вул. Сурганава, 1, корп. 2; каб. 302) адбудзецца пленарнае пасяджэнне Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Выяўленчае мастацтва ў захаванні самабытнасці культуры і кансалідацыі грамадства на сучасным этапе».

У канферэнцыі прымуць удзел даследчыкі выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва з Беларусі, Арменіі, Расіі, Малдовы. Рэспубліку Беларусь на канферэнцыі прадставяць супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі», Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, іншых устаноў культуры і адукацыі.

Задача захавання самабытнасці нацыянальнай культуры, пераемнасці і непарыўнасці традыцый, апоры на фундаментальныя духоўныя каштоўнасці набывае асаблівую актуальнасць у сучасную эпоху, адзначаную крызісамі, сацыяльнымі і палітычнымі катаклізмамі, выклікамі глабалізацыі і агрэсіўным наступам масавай культуры з яе імкненнем да ўніфікацыі і спрашчэння духоўных патрэб чалавека. Прынцыпова важная роля ў захаванні самабытнасці належыць выяўленчаму мастацтву, якое ў сваім развіцці абапіраецца на творча засвоеныя і пераасэнсаваныя ў новых умовах найлепшыя дасягненні, традыцыі і ідэалы Нацыянальнай мастацкай школы. Асветніцкі, гуманістычны, выхаваўчы і эстэтычны патэнцыял выяўленчага мастацтва мае вялікае значэнне ў захаванні духоўных і маральных асноў нацыянальнай культуры, якія з’яўляюцца залогам кансалідацыі грамадства і ўмацавання нацыянальнага адзінства, устойлівага развіцця і гарманізацыі грамадства на аснове традыцыйнай сістэмы каштоўнасцей.