Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.12.2023

Першае пасяджэнне Падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі

13 снежня ў НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі акадэміка Аляксандра Ільюшчанкі адбылося першае пасяджэнне. Было прынята рашэнне аб допуску работ да конкурсу на саісканне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі 2024 года.

На пасяджэнні было адзначана, што правядзенне чарговага конкурсу на саісканне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь — знакавая падзея для навукова-тэхнічнай грамадскасці краіны. Бо Дзяржаўная прэмія з’яўляецца найвышэйшым прызнаннем заслуг дзеячаў навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры перад грамадствам і дзяржавай. Падкрэслена, што асноўныя вынікі работ павінны быць атрыманы і апублікаваны, а іх практычнае засваенне (засваенне тэхналогій, серыйны выпуск прадукцыі) дасягнута не менш чым за два гады да заканчэння тэрміну прыёму работ да разгляду Камітэтам па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь. Г. зн. у гэтым конкурсе прыём дакументаў быў да 1 кастрычніка 2023 г., такім чынам, адкрыцці і навуковыя дасягненні, вынікі якіх істотна ўзбагацілі айчынную і сусветную навуку і тэхніку, павінны быць атрыманы да 1 кастрычніка 2021 года!

На першым пасяджэнні Падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі былі заслуханы кіраўнікі секцый, якія далажылі вынікі работы секцый падкамітэта па рэцэнзаванні і экспертным разглядзе работ. Адбылося абмеркаванне работ. І толькі пасля гэтага было праведзена таемнае галасаванне аб допуску работ да конкурсу. Спіс работ, якія дапушчаны да конкурсу, з указаннем аўтараў і суб’ектаў вылучэння, якія прадставілі гэтыя работы, да 1 студзеня 2024 года будуць апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі.

Нагадаем, 9 лістапада гэтага года Старшыня Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў правёў рабочае пасяджэнне з кіраўнікамі падкамітэтаў, на якім былі абмеркаваны задачы Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь па арганізацыі і правядзенні конкурсу 2024 года. За мінулы час, у лістападзе — снежні, была праведзена вялікая праца. Секцыі правялі свае пасяджэнні, на якіх былі заслуханы рэцэнзіі, адбылося абмеркаванне работ і галасаванне (тайнае) па допуску работ для ўдзелу ў конкурсе на саісканне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2024 года.

Пачынаючы з 2016 года, Дзяржаўныя прэміі прысуджаюцца адзін раз на чатыры гады (раней было адзін раз на два гады). Склад Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь сфарміраваны па ўзгадненні з міністэрствамі і ведамствамі і ўключае 68 чалавек. Гэта буйныя кіраўнікі, спецыялісты-практыкі, выдатныя навукоўцы, майстры мастацтва, літаратуры і архітэктуры Рэспублікі Беларусь. У тым ліку 39 экспертаў уключаны ў склад падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі.