Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.12.2023

На Савеце па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Беларусі было разгледжана пытанне стварэння ў краіне сеткі рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G)

27 снежня ў НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У яго рабоце прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі, спецыялісты дзяржаўных органаў і профільных арганізацый.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гусакоў адзначыў, што напярэдадні першага пасяджэння былі накіраваны запыты вышэйшым службовым асобам і кіраўнікам дзяржорганаў. За мінулы месяц у Савет паступіла больш за 60 праектных прапаноў. Усе яны ўнесены ў рэестр. Аднак большасць з прапаноў — на ўзроўні ідэй. «На наступны 2024 год, — адзначыў Уладзімір Гусакоў, — варта вызначыць свайго роду Топ-10 праектных ініцыятыў. Яны і стануць асновай гадавога Плана работы Савета».

«Безумоўны прыярытэт Савета — няўхільнае і якаснае выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Пунктам адліку, «старту», практычнай дзейнасці Савета закліканы паслужыць разгляд пытання № 1 Парадку пасяджэння: аб стварэнні ў краіне сеткі рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G). Гэта актуальны ў свеце тэхналагічны кірунак. Яго рэалізацыя ляжыць у рэчышчы такіх глабальных трэндаў, як 4-я прамысловая рэвалюцыя (Індустрыя 4.0), поўнамаштабная лічбавізацыя, робататэхніка і штучны інтэлект. Галоўнае: гэта адзін з кампанентаў IT-краіны, устаноўка на пабудову якой дадзена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган і Андрэй Паўлючэнка, начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, прадставілі свае даклады па пазначаных напрамках, выказаліся па асноўных праблемных аспектах і спосабах іх вырашэння. Як вядома, у Беларусі асноўнымі рэгулятарамі ў галіне стварэння і эксплуатацыі сетак рухомай электрасувязі з’яўляюцца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, а таксама Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. На пасяджэнні Савета па стратэгічных праектах выступілі кіраўнікі «эксплуатуючых» арганізацый, такія як: Белтэлекам, «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (beCloud), аператары мабільнай сувязі і інш.

Па выніках пасяджэння прынята рашэнне прааналізаваць і абагульніць усю інфармацыю, якая змяшчаецца ў дакладах і выступах. Падрыхтаваныя матэрыялы будуць накіраваны ва ўрад для разгляду на Прэзідыуме Савета Міністраў і далейшага накіравання вынікаў разгляду Кіраўніку дзяржавы.

На пасяджэнні Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь былі адобраны асноўныя крытэрыі і паказчыкі аднясення праектаў да катэгорыі стратэгічных. Кіраўнікам дзяржаўных органаў рэкамендавана прымяняць крытэрыі пры падрыхтоўцы праектных ініцыятыў.

Прэс-служба НАН Беларусі