Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.01.2024

Савет па стратэгічных праектах прапануе развіваць у краіне інфраструктурную мадэль развіцця сеткі 5G

11 студзеня 2024 года на базе НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У яго рабоце прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі, спецыялісты дзяржаўных органаў і профільных арганізацый.

Пасяджэнне было прысвечана фарміраванню кансалідаванай пазіцыі Савета па стварэнні ў Беларусі сеткі рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G). Як адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, старшыня Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гусакоў, на папярэднім пасяджэнні былі выкладзены падыходы рэгулятараў да развіцця сувязі 5G зыходзячы з распрацаваных імі дзвюх мадэляў: «канкурэнтнай» і «інфраструктурнай». «Па выніках абмеркавання на пасяджэнні Савета, для максімальна поўнага ўліку меркаванняў зацікаўленых, Акадэміяй навук была сфарміравана часовая рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі рэгулятараў, а таксама акадэмічнай навуковай супольнасці. Рабочая група выканала паглыблены аналіз стратэгій, матэрыялаў дакладаў, дадаткова запытанай інфармацыі. У вочным фармаце на пляцоўцы Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі арганізаваны абмен думкамі і абмеркаванне моцных і слабых бакоў прапанаваных мадэляў», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

На разгляд членаў Савета былі прадстаўлены прапановы Савета па стратэгічных праектах аб стварэнні ў краіне сеткі рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G). З дакладам па гэтым пытанні выступіў намеснік генеральнага дырэктара Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Сяргей Касанін.

Па выніках абмеркавання Савет па стратэгічных праектах прапанаваў развіваць у краіне «інфраструктурную» (цэнтралізаваную) мадэль развіцця сеткі 5G, рэалізацыю якой будзе ажыццяўляць адзіны дзяржаўнай рэгулятар. У найбліжэйшы час асноўнымі рэгулятарамі будзе падрыхтавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне праекта. Падрыхтаваныя матэрыялы будуць накіраваны ва ўрад на ўзгадненне з мэтай далейшага ўнясення прапаноў Савета Кіраўніку дзяржавы.

На пасяджэнні быў таксама разгледжаны рэестр праектных ініцыятыў. У Савет па стратэгічных праектах паступіў шэраг прапаноў. На іх базе складзены рэестр. На сённяшнюю дату ў рэестры — 81 праектная ініцыятыва. Большасць з прапаноў, якія паступілі, — на ўзроўні ідэй. Члены Савета размяркуюць іх па ступені значнасці. Такім чынам, будзе сфарміраваны свайго роду рэйтынг ініцыятыў. Топ-10 праектных ініцыятыў, якія набряруць найбольшую колькасць балаў, атрымаюць права на ўключэнне ў План работы Савета на 2024 год.