Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.01.2024

У НАН Беларусі пройдзе Тыдзень адчыненых дзвярэй, прысвечаны Дню беларускай навукі

З 22 па 28 студзеня 2024 года ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускай навукі, НАН Беларусі праводзіць «Тыдзень адчыненых дзвярэй».

У рамках акцыі ў ахвочых ёсць магчымасць наведаць навуковыя ўстановы НАН Беларусі ў Мінску і іншых гарадах краіны.

Асаблівую праграму прапануюць арганізацыі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Так, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў. 23 студзеня 2024 года адбудзецца прэзентацыя манаграфіі «Флора Беларуси. Сосудистые растения. В 6 т. Т. 4.». Манаграфія падрыхтавана калектывам аўтараў Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі (пачатак мерапрыемства ў 16:00). У холе бібліятэкі будзе разгорнута кніжная выстава «Навука Беларусі: інавацыі, тэхналогіі, прыярытэты», на якой будуць прадстаўлены энцыклапедычныя і даведачныя выданні, манаграфіі, зборнікі навуковых прац, матэрыялы міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый і сімпозіумаў. У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў дэманструецца выстава «Шлях у вялікую навуку (памяці выдатных дзеячаў навукі Беларусі)». У экспазіцыі прадстаўлена больш за 100 дысертацыйных работ і аўтарэфератаў беларускіх дзеячаў навукі з фондаў ЦНБ НАН Беларусі ў наступных галінах ведаў: гуманітарныя і грамадскія навукі, сельскагаспадарчыя навукі і ветэрынарыя, біялагічныя і медыцынскія навукі, хімічныя навукі і навукі аб Зямлі, тэхнічныя і фізіка-матэматычныя навукі. На выставе можна азнаёміцца з навуковымі даследаваннямі У. І Пічэты, Я. Ф. Карскага, М. В. Доўнар-Запольскага, С. Г. Скарапанава, Л. М. Сушчэні, Д. М. Голуба, Ф. М. Капуцкага і інш. У рамках Дзён адчыненых дзвярэй плануецца арганізаваць выставу-лекцыю: Выданні Казіміра Семяновіча — The Great Art of Artillery (Вялікае мастацтва артылерыі) і кінапаказ навукова-дакументальнага фільма «Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі». Традыцыйна ў Дні адчыненых дзвярэй бібліятэка запрашае на аглядныя экскурсіі, на якіх можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй бібліятэкі, яе сучасным тэхнічным абсталяваннем, а таксама пабываць у мемарыяльным кабінеце П. Ф. Глебкі. Запісацца на экскурсіі можна па тэлефоне + 375 17 379 27 06 (з 09:00 да 17:30).

З гісторыяй акадэмічнай навукі Беларусі можна будзе азнаёміцца ў Музеі гісторыі НАН Беларусі. Музей гісторыі НАН Беларусі з’яўляецца мемарыяльным комплексам гісторыі вышэйшай навуковай арганізацыі Рэспублікі Беларусь і адначасова культурна-асветніцкай установай. На плошчы каля 250 кв. м. размешчана больш за 3,5 тыс. экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення і развіцця навукі ў Беларусі, стварэнне і развіццё навуковых напрамкаў, навуковую і навукова-практычную дзейнасць вучоных.

Ахвочыя змогуць таксама наведаць пастаянна дзеючую выставу «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці», археалагічную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Экскурсіі праводзяцца па папярэднім запісе для арганізаваных груп.

Свой план мерапрыемстваў правядзення Дзён адчыненых дзвярэй падрыхтаваў і Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Маладыя даследчыкі не толькі будуць праводзіць экскурсіі па сваіх навуковых арганізацыях, але і будуць сустракацца са школьнікамі і студэнтамі ў школах і вышэйшых навучальных установах.