Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.01.2024

Падведзены вынікі конкурсу на найлепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў 2023 года ў сродках масавай інфармацыі

Падведзены вынікі конкурсу на найлепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў 2023 года ў сродках масавай інфармацыі

НАН Беларусі падвяла вынікі конкурсу на найлепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў 2023 года ў сродках масавай інфармацыі.

Бюро Прэзідыума НАН Беларусі прыняло рашэнне прысудзіць прэміі конкурсу ў намінацыі «Найлепшая публікацыя»: Валачковіч Таццяне Арсеньеўне, аглядальніку ўнітарнага прадпрыемства «Інфармацыйнае агенцтва “Мінск-Навіны”», — за цыкл артыкулаў пра ўклад вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў развіццё беларускай навукі; Ганкінай (Артэага) Веры Міхайлаўне, аглядальніку рэдакцыі газеты «Рэспубліка» ўстановы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом “Беларусь сёння”», — за цыкл матэрыялаў пра ролю беларускай навукі ў жыцці грамадства ў газеце «Рэспубліка».

У намінацыі «Найлепшы сюжэт (праграма) на радыё і тэлебачанні» пераможцамі сталі: Акішава (Ермалюк) Анастасія Паўлаўна, каментатар аддзела арганізацыі работы часовай творчай групы галоўнай дырэкцыі вытворчасці радыёпраграм генеральнага прадзюсарскага цэнтра Беларускага радыё, — за цыкл праграм «Тэхнаманія» на радыёстанцыі «Сталіца»; Васільева Валерыя Мікалаеўна, выканаўчы прадзюсар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «НТВ-Беларусь» Белтэлерадыёкампаніі, — за цыкл тэлевізійных праграм «Навука побач»; Туркоў Руслан Мікалаевіч, рэдактар першай катэгорыі прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Рэспубліцы Беларусь, — за цыкл праграм на тэлеканалах «Мір» і «Мір – 24».

Бюро Прэзідыума ў намінацыі «Найлепшая публікацыя ў навукова-папулярным выданні» прысудзіла перамогу Ждановіч Таццяне Уладзіміраўне, вядучаму рэдактару навукова-практычнага часопіса «Навука і інавацыі», — за цыкл матэрыялаў, прысвечаных маладым навукоўцам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у часопісе «Навука і інавацыі»; Ніякоўскай Наталлі Валер’еўне, намесніку галоўнага рэдактара вытворчага навукова-практычнага часопіса «Веснік Белнафтахіма», — за цыкл матэрыялаў пра ролю беларускай навукі ў эканоміцы краіны ў часопісе «Веснік Белнафтахіма».

У намінацыі «Найлепшае прадстаўленне дасягненняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў сетцы Інтэрнэт» прэміі прысуджаны: Андросіку Станіславу Анатольевічу, рэдактару карэспандэнцкага пункта Федэральнага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва “Расія сёння” ў Рэспубліцы Беларусь», — за цыкл матэрыялаў аб укладзе вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў развіццё грамадства; Гаўрылавай Валерыі Сяргееўне, рэдактару аддзела эканамічнай інфармацыі Галоўнай рэдакцыі інфармацыі ўнітарнага прадпрыемства «БелТА», — за цыкл матэрыялаў аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Мычко Аліне Уладзіміраўне, карэспандэнту дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», — за цыкл матэрыялаў аб знакавых мерапрыемствах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Конкурс на найлепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў 2023 года ў сродках масавай інфармацыі праводзіўся НАН Беларусі чатырнаццаты раз па чатырох намінацыях: «Найлепшая публікацыя», «Найлепшы сюжэт (праграма) на радыё і тэлебачанні», «Найлепшая публікацыя ў навукова-папулярным выданні» і «Найлепшае прадстаўленне дасягненняў НАН Беларусі ў сетцы Інтэрнэт». У конкурсе маглі прымаць удзел як прафесійныя журналісты, так і непрафесійныя аўтары, папулярызатары навукі. Усяго на конкурс было прадстаўлена 95 работ 22 аўтараў. Узнагароджанне лаўрэатаў будзе прымеркавана да Дня беларускай навукі.