Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.01.2024

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Дню беларускай навукі

24 студзеня 2023 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Дню беларускай навукі. У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі: Уладзімір Гусакоў — Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік; Сяргей Шлычкоў — Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Андрэй Іванец — Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь і Алена Караткова — першы намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Уладзімір Гусакоў адзначыў, што поспехі ў засваенні космасу, станаўленне атамнай энергетыкі, распрацоўкі ў сферы медыцыны і стварэнне лінейкі айчыннага электратранспарту можна лічыць прарыўнымі для беларускіх навукоўцаў па выніках апошняга дзесяцігоддзя. «Дзякуючы спадарожніку дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, які да гэтага часу лётае, мы сталі касмічнай дзяржавай, і гэта агульнапрызнаны факт. Акрамя таго, Беларусь стала ядзернай краінай, і навуковае суправаджэнне ажыццяўлялася на ўсіх этапах будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю БелАЭС. Больш таго, Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны НАН Беларусі зараз займаецца падборам тэрыторыі і абгрунтаваннем будаўніцтва новай станцыі. Распрацоўкі ў галіне медыцыны і, у прыватнасці, распрацоўка вакцыны супраць кавіду — гэта, па сутнасці, праца з нуля: ніколі Беларусь не займалася распрацоўкай вакцын. Мы таксама ніколі не займаліся электратранспартам. І вось створана цэлая лінейка найноўшай тэхнікі ў розных галінах — грузавыя, міні-электратранспарт, аэрадромны аўтобус, смеццяўборачная машына і г. д.», — адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. Сярод значных распрацовак апошніх гадоў Уладзімір Гусакоў таксама назваў найноўшыя сарты раслін, дасягненні ў галіне біятэхналогій, стварэнне найноўшых матэрыялаў і інш.

У сваю чаргу, Старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Італія-Беларусь Анджэла Ілардзі адзначыў, што сёння вельмі важна рэалізоўваць ініцыятывы, якія могуць дапамагчы ў развіцці дыялогу. Круглы стол, які плануецца правесці ў канцы лютага, будзе гэтаму спрыяць. На мерапрыемстве плануецца абмеркаваць такія праблемы, як: механізацыя жывёлагадоўлі, генетыка, лічбавізацыя, эканомія энергарэсурсаў і інш.

Закранаючы вынікі работы Нацыянальнай акадэміі навук у 2023 годзе, Уладзімір Гусакоў нагадаў, што галоўнымі мерыламі працы вучоных з’яўляюцца дынаміка беларускай эканомікі і гарманічнае развіццё сацыякультурнай сферы. НАН Беларусі як вышэйшая навуковая арганізацыя краіны ў 2023 годзе працягвала ажыццяўляць навуковае забеспячэнне і суправаджэнне больш як 35 праграм, у тым ліку ў сферы фундаментальных даследаванняў, навукова-тэхнічных, галіновых.