Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.01.2024

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў павіншаваў навуковую грамадскасць з Днём беларускай навукі

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сардэчна віншую ўсю навуковую грамадскасць Рэспублікі Беларусь, усіх, для каго навука стала справай жыцця, з прафесійным святам — Днём беларускай навукі!

Навука заўсёды з’яўлялася магутным рэсурсам мадэрнізацыі грамадства, найважнейшым складнікам нацыянальнага багацця, рухаючай сілай тэхнічнага прагрэсу. Навуковая думка нястомна прыносіць у наша жыццё новыя веды і прарыўныя тэхналогіі. І сёння мы можам з гонарам сказаць: беларуская навука знаходзіцца тут на перадавой.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, як галаўная навуковая арганізацыя краіны, выбудоўвае дынамічную сістэму міждысцыплінарных і міжгаліновых узаемасувязяў «навука – адукацыя – вытворчасць». Яркае таму пацвярджэнне — шырокі пералік работ, адзначаных прэміямі НАН Беларусі, а таксама работ, якія сталі лаўрэатамі конкурсу «Топ–10» — найбольш значных дасягненняў сусветнага ўзроўню ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Па выніках 2023 года ў яго ўвайшлі дасягненні, якія ахопліваюць сферы мікраэлектронікі, фізікі, хіміі, біялогіі, аграрных, гуманітарных навук, медыцыны.

Акадэмія навук у цэлым паспяхова завяршыла мінулы год. Выкананы асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. У 2023 годзе мы годна адзначылі 95-годдзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і 30-годдзе з дня заснавання Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. Мы правялі II Форум і выставу IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі», на якой было прадстаўлена больш за 100 эксклюзіўных распрацовак. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы арганізавалі выставу апошніх дасягненняў і распрацовак «Беларусь інтэлектуальная», якая была разгорнута не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх абласных цэнтрах, а затым і на базе ВДНГ у Маскве. Дэманстравалася каля 1000 экспанатаў. Таксама арганізаваны Усебеларускі конкурс, прысвечаны Году міру і стваральнай працы, падведзены яго вынікі. Пераможцамі стала больш за 200 творчых вынаходак у розных жанрах. Найлепшым уручаны дыпломы і падарункі.

Дасягнута многае. Але яшчэ больш трэба будзе зрабіць. 2024 год абвешчаны Годам якасці. Гэтая ініцыятыва, у прыватнасці, дасць магчымасць не толькі палепшыць якасць прадукцыі масавага попыту, але і вынікі працы работнікаў навуковай сферы, узмацніць адказнасць навукоўцаў за тыя даследаванні, якія праводзяць навуковыя арганізацыі. Акадэмія навук плануе традыцыйна арганізаваць Усебеларускі конкурс, прысвечаны Году якасці, і спадзяецца, што ў ім прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх куткоў нашай краіны.

Вялікая адказнасць сёлета кладзецца на навукоўцаў-гуманітарыяў. У сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзем уз’яднання народаў Заходняй Беларусі і БССР грамадскасць чакае новых навуковых доказаў, дакументаў і сведчанняў тых падзей. Гэта неабходна для фарміравання праўдзівых адносін грамадства да свайго гістарычнага мінулага, пераемнасці і непарыўнасці гістарычных перыядаў у развіцці краіны.

Сённяшні няпросты час патрабуе ад навукоўцаў нестандартных рашэнняў, актывізацыі ўкаранення навуковых распрацовак у эканоміку. Менавіта таму трэба адкрываць новыя лабараторыі і даследчыя цэнтры, умацоўваць навуковыя сувязі, разам з нашымі партнёрамі працаваць над праектамі сусветнага ўзроўню.

Упэўнены, што актыўны творчы пошук вучоных дасць магчымасць забяспечыць запланаваныя навуковыя вынікі ў імя працвітання нашай Радзімы.

Жадаю вам, дарагія калегі, новых адкрыццяў, рэалізацыі смелых планаў і ўпэўненага руху наперад.

Шчасця, дабрабыту, здароўя вам і вашым блізкім!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік