Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.01.2024

Адбылася прэс-канферэнцыя «Прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў у 2024 годзе»

29 студзеня 2024 года ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў у 2024 годзе». Ад НАН у прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел галоўны вучоны сакратар НАН Васіль Гурскі, старшыня Савета маладых навукоўцаў НАН Станіслаў Юрэцкі і дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Валерый Ганчароў. Навукоўцы расказалі аб прыярытэтных напрамках у навуцы, новых адкрыццях у найбліжэйшы час, супрацоўніцтве з замежнымі краінамі і пра многае іншае. На заканчэнне прэс-канферэнцыі навукоўцы адказалі на шматлікія пытанні журналістаў.

Як адзначыў Васіль Гурскі, адзін з перспектыўных напрамкаў — даследаванне біятэхналогій. У Беларусі ёсць сур’ёзная навуковая аснова ў гэтай сферы, распрацоўкі выкарыстоўваюцца і на практыцы. Так, Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя актыўна супрацоўнічае з навукоўцамі і ўкараняе іх распрацоўкі. У Беларусі развіваецца і такі стратэгічны кірунак, як мікраэлектроніка. «Навуковае забеспячэнне развіцця мікраэлектронікі, штучнага інтэлекту, праграмнага забеспячэння вельмі важнае для нас на перспектыву», — падкрэсліў галоўны вучоны сакратар. Таксама актуальныя даследаванні ў сферы медыцыны, фармацыі, атрымання новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. Найважнейшай задачай для навукоўцаў з’яўляецца і развіццё электратранспарту, беспілотнай тэхнікі. «НАН Беларусі створана практычна поўная кампанентная база для развіцця свайго электратранспарту — электрарухавік, каробка перадач, праграмна-апаратны комплекс кіравання транспартным сродкам», — звярнуў увагу Васіль Гурскі.