Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.02.2024

Адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Дасягненні і перспектыўныя распрацоўкі беларускіх вучоных у сферы сельскай гаспадаркі»

22 лютага 2024 года ў прэс-цэнтры БЕЛТА адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Дасягненні і перспектыўныя распрацоўкі беларускіх вучоных у сферы сельскай гаспадаркі».

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: генеральны дырэктар НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі Дзмітрый Комлач, генеральны дырэктар НПЦ па земляробстве Сяргей Краўцоў, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і стандартызацыі НПЦ па харчаванні Наталля Камарова і намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці НПЦ па бульбаводстве і плодаагародніцтве Андрэй Чайкоўскі. Прадстаўнікі навукова-практычных цэнтраў Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі расказалі аб апошніх распрацоўках вучоных у галіне аграпрамысловых тэхналогій і адказалі на пытанні журналістаў.

Сяргей Краўцоў расказаў пра патрабаванні да сартоў сельгаскультур і новыя метады селекцыі, якія ўкараняюцца ў НАН Беларусі. «Цяпер цэнтр пераходзіць на новы этап селекцыйнага працэсу — укараненне біятэхналагічных метадаў. Для гэтага ўсё абсталяванне набыта і ўстаноўлена. Яшчэ адзін найноўшы кірунак — генетыка: ДНК-чыпіраванне, ДНК-мадэляванне. Немалаважная і фізіялогія раслін», — адзначыў Сяргей Уладзіміравіч.

Дзмітрый Комлач падзяліўся навінкамі агратэхнікі, якія дапамогуць удасканальваць культуру земляробства. Паводле яго, узровень механізацыі сельскай гаспадаркі ў Беларусі высокі. «Праца працягваецца. Будзем старацца закрыць усе вузкія месцы, распрацаваць тыя механізмы, машыны і абсталяванне, якія цяпер вельмі запатрабаваныя», — рэзюмаваў Дзмітрый Іванавіч.

Па словах Андрэя Чайкоўскага, штогод у гаспадарках рэспублікі пасадкі сартоў бульбы айчыннай селекцыі займаюць каля 55 % плошчаў, яблынь і груш — каля 80 %, гародніны — у сярэднім 20 %. Дзякуючы распрацоўкам беларускіх навукоўцаў з’явіліся айчынныя сарты абрыкосаў — «Камея» і «Лявон». Ідзе і праца па вывядзенні сартоў ягад для камерцыйнага вырошчвання: рэмантантныя маліны, абляпіхі, бружмелі. А для суніцы садовай створана тэхналогія вялення, якая дазваляе захоўваць водар свежых ягад. Гэта абсалютна новы для нашай рэспублікі прадукт, які быў як след ацэнены на дэгустацыях.

Наталля Камарова расказала аб мерапрыемствах, якія прымеркаваны да Года якасці ў НПЦ па харчаванні.