Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.02.2024

Адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Навуковыя даследаванні і распрацоўкі для медыцыны і фармакалогіі. Укараненне і практычнае прымяненне»

28 лютага 2024 года ў прэс-цэнтры БЕЛТА адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Навуковыя даследаванні і распрацоўкі для медыцыны і фармакалогіі. Укараненне і практычнае прымяненне». Ад НАН у прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук НАН Васіль Богдан, акадэмік-сакратар Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН Аляксей Труханаў і намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце — начальнік НПЦ «ХімФармСінтэз» Інстытута біяарганічнай хіміі Алена Калінічэнка.

Як расказаў акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Васіль Богдан, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі ў мінулым годзе паспяхова завяршыў клінічныя выпрабаванні дзевяці новых біямедыцынскіх клетачных прадуктаў для лячэння пацыентаў з рознымі захворваннямі. Інстытутам актыўна развіваюцца напрамкі клетачнай тэрапіі, створаны арыгінальныя тэхналогіі вытворчасці біямедыцынскіх клетачных прадуктаў, у тым ліку такія, што не маюць аналагаў у свеце.

Акадэмік-сакратар Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі Аляксей Труханаў адзначыў, што высокі навуковы ўзровень стварэння лекаў у Беларусі падкрэсліваецца пашырэннем геаграфіі навуковага супрацоўніцтва. «Ствараюцца сумесныя даследчыя лабараторыі з калегамі з КНР. Можна прывесці прыклад стварэння сумеснай лабараторыі з магчымым выхадам на стварэнне сумеснага прадпрыемства калег з КНР і гасразліковай доследнай вытворчасці Інстытута біяарганічнай хіміі», — сказаў Аляксей Труханаў.

Намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі — начальнік НПЦ «ХімФармСінтэз» Алена Калінічэнка паведаміла, што «ХімФармСінтэз» Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі займае 20 % расійскага рынку па некаторых прэпаратах. «Разам з вядучымі расійскімі прадпрыемствамі ўдзельнічаем у тэндарах, закупках і пастаўках. Па некаторых прэпаратах 20 % расійскага рынку належаць нашай кампаніі», — сказала Алена Калінічэнка. Яна ўдакладніла, што гаворка ідзе пра тры прэпараты для лячэння анкалагічных захворванняў. «Цяпер мы рэгіструем яшчэ чатыры прэпараты ў Расіі, і, я думаю, нам удасца заняць добрую нішу. Гэта таксама анкалагічныя прэпараты», — дадала яна. Алена Калінічэнка расказала таксама, што ў Інстытуце біяарганічнай хіміі адзначаюць вялікія поспехі ў сінтэзе сінтэтычных генаў.

ФОТА — БЕЛТА