Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.03.2024

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з Днём жанчын

Дарагія жанчыны! Паважаныя калегі!

Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ад сябе асабіста віншую Вас са светлым вясновым святам — Днём жанчын! Сагрэты цяплом вашых усмешак, прасякнуты настроем радасці і абнаўлення, ён стаў сапраўдным сімвалам вясны. У гэты час абуджаецца і расцвітае прырода, зараджаюцца новыя планы і мары.

Далікатныя матчыны рукі з дзяцінства дораць нам ласку, накіроўваюць на шлях дабра. Вы — нашы маці, жонкі, сёстры — умееце дараваць і прымаць блізкіх такімі, якія яны ёсць. Умееце любіць і быць побач у цяжкую хвіліну, захоўваць цяпло хатняга ачага, цярпліва несці на сваіх плячах клопат пра родных людзей. Вашай мудрасці — жыццёвай і чалавечай, — вашай волі і вытрымцы варта павучыцца. Ва ўсе часы жанчына была і застаецца сімвалам жыцця, крыніцай прыгажосці і натхнення.

Мы, мужчыны, памятаем аб вашым неацэнным укладзе ў развіццё літаральна ўсіх сфер жыцця нашай краіны. Не выключэнне і Акадэмія навук, дзе амаль палова даследчыкаў — 49,7 % — жанчыны, што на 10,5 % больш, чым па краіне ў цэлым. Удзел жанчын у даследаваннях узбагачае навуковую супольнасць разнастайнасцю і наватарскімі ідэямі. Штогод у ліку лаўрэатаў розных прэстыжных узнагарод і прэмій у навуковай сферы – жанчыны-навукоўцы. Іх уклад у развіццё айчыннай навуковай думкі з'яўляецца неад'емнай часткай прагрэсу і становіцца важным каталізатарам для інавацый і пашырэння меж ведаў.

У Год якасці становіцца відавочным, што перадавыя навуковыя даследаванні павінны адпавядаць высокім стандартам і мець практычную карысць. Роля жанчын-навукоўцаў дазваляе вырашыць гэтую няпростую задачу. Асаблівая жаночая інтуіцыя, нестандартны тып мыслення дапамагаюць жанчынам на нялёгкім навуковым шляху дамагацца вялікіх вынікаў. І тут важна ўспомніць словы вялікай Марыі Складоўскай-Кюры: «Вы ніколі не павінны баяцца таго, што вы робіце, калі гэта правільна». Менавіта імкненне да поспеху дапаможа ў дасягненні самых высокіх вяршынь.

Дарагія жанчыны! Дзякуй Вам за дабрыню і пяшчоту, працу і цярпенне. За тое, што менавіта вы нярэдка адкрываеце нам сэнс жыцця, з’яўляецеся надзейнымі паплечнікамі ва ўсіх пачынаннях. Ваша любоў, цярпенне і каласальная ўнутраная энергетыка дапамагаюць нам, мужчынам, дасягаць поспехаў. Жанчына падобная на вясну: лагоднасцю, прыгажосцю, эмацыянальнасцю, вясёлкавай насычанасцю пачуццяў.

Ад усёй душы жадаю вам шмат шчаслівых момантаў у жыцці, дабрабыту і згоды ў доме!

Моцнага здароўя, дабрабыту, радасці вам і вашым блізкім!

Хай у вашай душы пануе вясна. Будзьце шчаслівыя!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік