Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.03.2024

Адбылося мерапрыемства па абароне справаздач аб выніках навуковых даследаванняў, для выканання якіх былі вылучаны гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

13 сакавіка 2024 года ва УА «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк» адбылося мерапрыемства па абароне справаздач аб выніках навуковых даследаванняў (інавацыйных праектаў), для выканання якіх былі вылучаны гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі на 2023 год. У яго рабоце прыняў удзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, найвышэйшыя службовыя асобы краіны.

На прэзентацыйнай выставе кіраўнікі і спецыялісты, якім былі вылучаны штомесячныя гранты ў 2023 годзе, прадставілі свае вынікі навуковых даследаванняў. Выстава складалася з некалькіх тэматычных блокаў па 5 сферах (навука, адукацыя, ахова здароўя, культура, маладзёжная палітыка). Былі прадстаўлены навуковыя распрацоўкі ў галіне біятэхналогій, медыцынскіх і нанатэхналогій, новых матэрыялаў, беспілотных лятальных апаратаў, ваеннай тэматыкі. Усяго — каля 50 работ, у сферы «навука» — 10 работ. Ад НАН Беларусі свае работы прадстаўлялі Ганна Анісовіч, галоўны навуковы супрацоўнік канструктарска-тэхналагічнага аддзела Інстытута прыкладной фізікі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар; Аляксандр Ізабела, начальнік аддзела спецыяльных тэхналогій апрацоўкі матэрыялаў ціскам — загадчык лабараторыі дакладнай штампоўкі і папярочна-клінавай пракаткі Фізіка-тэхнічнага інстытута, кандыдат тэхнічных навук і Сяргей Шарко, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі фізікі магнітных плёнак НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве, кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Адбылося пасяджэнне Рэспубліканскай камісіі па разглядзе кандыдатур, якія вылучаюцца для атрымання грантаў Прэзідэнта ў сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі.

Перад пасяджэннем Рэспубліканскай камісіі намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў, што сродкі, якія выдзяляюцца Прэзідэнтам у рамках грантаў, ідуць на практычную рэалізацыю задумак атрымальнікаў. «Па выніках сённяшняга пасяджэння да 1 красавіка прадставім даклад кіраўніку дзяржавы. Цыкл падрыхтоўкі вылучэння на гранты адпаведных праектаў адкрыты, і кожны ў сваім кірунку можа вылучыць, абараніць іх і атрымаць матэрыяльную падтрымку для распрацоўкі і рэалізацыі сваёй задумкі», — заявіў Ігар Петрышэнка.

У сваю чаргу, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што ўсе праекты атрымальнікаў гранта Прэзідэнта ў 2023 годзе паказалі высокую эфектыўнасць. «Гранты цалкам апраўданыя і паказалі сваю эфектыўнасць. Гранты не так ужо проста атрымаць. Неабходна даказаць сваю эфектыўнасць. Для гэтага працуе і камісія, якая ацэньвае праект на розных этапах, пасля гэтага праект разглядаюць у Савеце Міністраў і ў канцы матэрыялы падаюцца на зацвярджэнне Прэзідэнту», — растлумачыў Уладзімір Гусакоў.