Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.03.2024

На Міжнародным кніжным кірмашы навукоўцы НАН Беларусі прэзентуюць 6-томную серыю кніг па этнакультурных працэсах рэгіёнаў Беларусі

15 сакавіка 2024 г. у 16.00 на ХХХІ міжнародным кніжным кірмашы (г. Мінск, праспект Пераможцаў, 14) адбудзецца прэзентацыя фундаментальнай 6-томнай серыі кніг «Этнокультурные процессы историко-этнографических регионов Беларуси в прошлом и настоящем», апублікаванай у выдавецтве «Беларуская навука».

Гэтая серыя кніг — вынік шматгадовага комплекснага этналагічнага даследавання традыцый матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва рэгіёнаў Беларусі ад старажытнасці да нашага часу.

Даследаванні праводзіліся супрацоўнікамі аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У стварэнні серыі прынялі ўдзел таксама супрацоўнікі БДУ і рэгіянальных універсітэтаў, Гродзенскага аблвыканкама, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава, а таксама вядучыя навуковыя супрацоўнікі ІЭА РАН.

Кнігі прысвечаны комплекснаму разгляду Усходняга Палесся (2010 год), Панямоння (2014 год), Цэнтральнай Беларусі (Міншчыны) (2016 год), Беларускага Падзвіння (Віцебшчыны) (2017 год) і Заходняга Палесся (Брэстчыны) (2020 год). У 2023 г. выдадзены заключны шосты том, прысвечаны Магілёўшчыне.

У кнігах серыі ўпершыню прадстаўлена комплекснае даследаванне этнічнай і этнаканфесійнай гісторыі, этнічных працэсаў, традыцый матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва шасці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Важнай адметнай рысай калектыўнай навуковай працы з’яўляецца канфесійна-культурная праблема, якая стала цэнтральнай ідэяй усёй серыі, паколькі менавіта яна вызначае ў канчатковым выніку цывілізацыйны выбар народа. Этнаграфічная і рэгіянальна-лакальная своеасаблівасць Беларусі выяўлена праз усебаковы аналіз багатай духоўнай і матэрыяльнай спадчыны рэгіёнаў.

У шасці тамах серыі прадстаўлены сістэматызаваныя звесткі па праблемах матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры, характэрныя для кожнага з гісторыка-культурных рэгіёнаў Беларусі, а таксама для краіны ў цэлым.

Матэрыялы гатовы для выкарыстання ў навуковай і адукацыйнай дзейнасці, у педагагічнай і ідэалагічнай працы.

У прэзентацыі 15 сакавіка 2024 г. прымуць удзел Гурко А. У. (аўтар ідэі серыі), Гурко А. В. (навуковы рэдактар) і аўтары раздзелаў кніг Ракава Л. В., Кухаронак Т. І., Каспяровіч Г. І., Ярмалінская В. М. і іншыя.