Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.03.2024

Выстава старажытнабеларускага сакральнага мастацтва «33 прыступкі» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры працуе да 19 мая 2024 года

14 сакавіка 2024 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) адбылося адкрыццё выставачнага праекта старажытнабеларускага сакральнага мастацтва «33 прыступкі» аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі з удзелам Музея гісторыі горада Мінска. Як адзначыў на ўрачыстым адкрыцці загадчык аддзела цэнтра, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Барыс Лазука, ідэя выставы ў тым, каб паказаць важныя падзеі ў жыцці беларусаў, якія мы можам параўнаць з сусветнай гісторыяй. Трыццаць тры прыступкі як 33 гады жыцця Хрыста — гэта своеасаблівая алегорыя, якая адлюстроўвае і прыступкі ў жыцці кожнага чалавека ад нараджэння да канца жыцця. Як прайсці гэты жыццёвы шлях — гэта задача, якую даводзіцца вырашаць усім людзям.

Выстава знаёміць наведвальнікаў з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі сакральнага мастацтва, прысвечанымі евангельскім падзеям Крыжовага шляху Ісуса Хрыста і святу Вялікадня з калекцыі аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя творы іканапісу і скульптуры, створаныя ў XVII–ХІХ стст. на тэрыторыі Беларусі. Пасля закрыцця многіх храмаў у 1960–1970-х гг. гэтыя творы былі выратаваны ад раскрадання і знішчэння. Стараннямі мастацтвазнаўцаў у час навуковых экспедыцый помнікі сакральнага мастацтва ашчадна збіраліся ў калекцыю Музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук БССР.

У 2001 годзе рашэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь навуковыя калекцыі аддзела старажытнабеларускай культуры прызнаны нацыянальным здабыткам Рэспублікі Беларусь.

На выставе прадстаўлены розныя віды драўляных крыжоў праваслаўнай і каталіцкай канфесій з розных рэгіёнаў Беларусі. Традыцыя ставіць драўляныя крыжы ідзе ад старых часоў. Крыжы былі відочным увасабленнем малітвы, а таксама падзякай за вылячэнне, за збавенне ад моравага паветрыя, за выратаванне ад гібелі. Пазней распаўсюдзіліся драўляныя запрастольныя (выносныя) крыжы: як разьбяныя, так і ўпрыгожаныя напісанымі тэмпернымі фарбамі малюнкамі. Такія крыжы з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены таксама выдатныя ўзоры драўляных «Галгоф».

Выдатным узорам сакральнага мастацтва Беларусі з’яўляецца Плашчаніца Ісуса Хрыста, прывезеная з Брэсцкай вобласці. Карпатліва адноўленая літаральна па нітачках Плашчаніца займае сваё ганаровае месца на выставе, як неад’емная частка храмавага набажэнства.

Выставу ўпрыгожваюць узоры беларускага іканапісу і алтарныя палотны, якія паказваюць вобраз Ісуса Хрыста і евангельскія падзеі. Асаблівасці беларускай школы з яе імкненнем да фальклорнай інтэрпрэтацыі класічных сюжэтаў даюць магчымасць адчуць нацыянальнае ўспрыманне сакральнага мастацтва.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама творы народнага мастака Беларусі М. А. Савіцкага на біблейскую тэматыку. Гэта працы, прысвечаныя евангельскім падзеям з жыцця Ісуса Хрыста, пераасэнсаваныя мастаком і напоўненыя глыбокім філасофскім зместам.

Прадстаўленыя на выставе творы сакральнага мастацтва быццам з нябыту вяртаюцца да нас, даючы магчымасць усвядоміць значэнне духоўнай спадчыны для сучаснасці, вызначыць культурную ідэнтычнасць і ажывіць гістарычную памяць.

Выстава працуе да 19 мая 2024 года.