Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.03.2024

Інстытут сацыялогіі правёў аператыўнае апытанне наведвальнікаў ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу

Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках супрацоўніцтва з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь 14 сакавіка 2024 года правёў аператыўнае апытанне наведвальнікаў ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Метадам CAPI (Computer Assisted Personal Interviewing — гэта інфармацыйная сістэма персанальнага анлайн-інтэрв’юіравання, пры якой інтэрв’юер выкарыстоўвае планшэт ці мабільны тэлефон, а звесткі паступаюць у электронную базу ў рэжыме рэальнага часу з аўтаматызаванай сістэмай апрацоўкі) было апытана 355 наведвальнікаў выставы-кірмашу. У ходзе апытання выяўляліся найбольш перспектыўныя варыянты прасоўвання мерапрыемства, вывучаліся меркаванні і ацэнкі па пытаннях арганізацыі выставы, а таксама чытацкія густы яе наведвальнікаў.

Вынікі праведзенага даследавання паказалі, што ў якасці матываў наведвання кніжнай выставы-кірмашу рэспандэнты называюць перш за ўсё магчымасць даведацца пра кніжныя навінкі (47,6 %), набыць кнігі па нізкай (выдавецкай) цане (39,2 %) і атрымаць інфармацыю пра дзеючыя выдавецтвы (31,0 %). Значнымі аспектамі для ўдзельнікаў апытання з’яўляюцца наведванне спецыяльнай праграмы выставы-кірмашу (19,7 %), а таксама набыццё кніг у падарунак і магчымасць сустрэчы з сябрамі (13,0 %), шанц сустрэцца з канкрэтным аўтарам, падпісаць кнігу (11,0 %).

Абсалютная большасць удзельнікаў апытання (93,8 %) у перыяд правядзення кірмашу плануе набыць кнігі. Палова апытаных збіраецца купіць мастацкія кнігі (52,7 %), амаль кожны чацвёрты (24,5 %) плануе выдаткаваць грашовыя сродкі на гістарычныя, а практычна пятая частка наведвальнікаў кірмашу — на навукова-папулярную літаратуру (18,9 %) і кнігі для дзяцей і падлеткаў (17,2 %). Таксама наведвальнікі выказалі жаданне набыць на выставе вучэбна-адукацыйныя (9,9 %), псіхалагічныя (9,6 %), публіцыстычныя (6,8 %) і рэлігійныя (5,4 %) кнігі.

Пры куплі новых кніг 67,3 % удзельнікаў апытання абапіраюцца на свой чытацкі досвед і густ. Наведвальнікі выставы таксама кіруюцца рэкамендацыямі сяброў, сваякоў і калег (26,5 %), папулярнасцю самой кнігі (16,1 %), меркаваннем кніжных блогераў і крытыкаў (14,9 %), дызайнам кнігі (14,1 %), яе коштам (12,4 %), парадамі выкладчыкаў (5,9 %) і прадаўцоў-кансультантаў у кнігарні (5,6 %).

Абсалютная большасць удзельнікаў апытання (87,0 %) аддае перавагу кнігам у друкаваным фармаце, электронныя кнігі выбіраюць толькі 6,8 % рэспандэнтаў, аўдыякнігі — 2,8 %.

Найбольш цікавымі для сябе аўтарамі ўдзельнікі выставы назвалі А. Пушкіна, М. Булгакава, а таксама Ф. Дастаеўскага. Сярод твораў былі адзначаны «Майстар і Маргарыта», «Вайна і мір», «Яўген Анегін», «Злачынства і пакаранне». Таксама апытаныя называлі Біблію. Варта адзначыць, што кніг А. С. Пушкіна наведвальнікі мерапрыемства адразу ўспомніць не змаглі. Тройку найбольш папулярных беларускіх аўтараў узначаліў У. Караткевіч (разам з ім у тройцы В. Быкаў і Я. Колас). Далей размясціліся І. Шамякін і Я. Купала. Сярод найбольш цікавых твораў рэспандэнты адзначылі «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Новая зямля», «Людзі на балоце» і «Сэрца на далоні».

Інфармацыю аб правядзенні выставы-кірмашу практычна кожны другі наведвальнік атрымаў ад сяброў, сваякоў, а таксама калег па працы і вучобе (46,5 %). Эфектыўнай у 2024 годзе аказалася рэклама мерапрыемства з дапамогай сеткі «Інтэрнэт»: наведвальнікі даведаліся пра яго дзякуючы сайтам і парталам (29,4 %), сацыяльным сеткам і месенджарам (10,9 %). Крыху радзей пра выставу рэспандэнты даведваліся з дапамогай вонкавай рэкламы (6,9 %), непасрэдна ад выдавецтваў (6,3 %), а таксама з друкаванай прэсы (5,6 %).

Пры адказе на пытанне «Колькі разоў вы ўжо наведвалі Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш?» 43,9 % удзельнікаў апытання адзначылі, што наведваюць яе рэгулярна, кожны чацвёрты (27,6 %) сказаў, што быў на некалькіх выставах, аднак 28,5 % апытаных апынуліся на выставе ўпершыню.