Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.03.2024

Адбылася гадзіна прававой інфармацыі «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — асноўны Закон дзяржавы»

У мерапрыемстве, арганізатарам якога выступіла пярвічная прафсаюзная арганізацыя апарату НАН Беларусі, прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі, структурных падраздзяленняў апарату, маладыя навукоўцы.

Перад навуковай грамадскасцю з дакладам выступіў Васілевіч Рыгор Аляксеевіч, член-карэспандэнт НАН Беларусі, загадчык кафедры канстытуцыйнага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. Ён расказаў пра гісторыю стварэння Канстытуцыі, структуру і асноўныя раздзелы галоўнага Закона краіны. Рыгор Аляксеевіч падкрэсліў, што Асноўнаму Закону Рэспублікі 30 гадоў, а Дзень Канстытуцыі беларусы адзначаюць 25-ы раз.

З дакладам «Сям’я як канстытуцыйна-прававая катэгорыя» выступіла Качурка Юлія Васільеўна, начальнік упраўлення прававой і навукова-арганізацыйнай работы апарату НАН Беларусі, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. У сваім дакладзе яна прывяла, у тым ліку, вынікі даследаванняў навукоўцаў Інстытута эканомікі НАН Беларусі, расказала пра тыя дапамогу і льготы, якія аказвае сёння дзяржава сем’ям з дзецьмі.

Акадэмік НАН Беларусі Пётр Віцязь выступіў перад моладдзю са словам на дарогу.

У гонар 30-годдзя прыняцця Канстытуцыі Беларусі па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя мерапрыемствы і дыялогавыя пляцоўкі. Іх галоўная мэта — данесці да маладых людзей фундаментальнасць Асноўнага закона краіны.