Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.03.2024

Візіт дэлегацыі НАН Беларусі ў Акадэмію навук правінцыі Гуандун

12–17 сакавіка 2024 г. праходзіць візіт дэлегацыі НАН Беларусі на чале з першым намеснікам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі С. А. Чыжыкам у Акадэмію навук правінцыі Гуандун (АНГ). У склад дэлегацыі ўвайшлі дырэктар ДНУ «Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі» А. В. Більдзюкевіч, дырэктар ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі» В. Г. Залескі, прадстаўнікі ДНУ «Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі», ДА «НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве» і ТАА «Кітайска-Беларускі інавацыйны цэнтр прамысловых тэхналогій».

13 сакавіка адбылася сустрэча са старшынёй партыйнага камітэта АНГ Ляо Бінам і Прэзідэнтам АНГ Чэнь Вэймінем. У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі і механізмы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне матэрыялазнаўства, біятэхналогій, нанаматэрыялаў, лазерных тэхналогій і дакладнага прыборабудавання. Па выніках сустрэчы падпісана праграма супрацоўніцтва НАН Беларусі і АНГ на 2024–2025 гады, якая прадугледжвае выкананне 7 навуковых праектаў з арганізацыямі АНГ. У гэты ж дзень дэлегацыя наведала шэраг вядучых навуковых арганізацый АНГ: Інстытут мікрабіялогіі, Інстытут інтэлектуальнай вытворчасці, Інстытут тэсціравання і аналізу, Інстытут выкарыстання рэсурсаў і распрацоўкі рэдказямельных элементаў і Інстытут новых матэрыялаў.

14 сакавіка дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у канферэнцыі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж АНГ і НАН Беларусі, арганізаванай у г. Фашань. Перад пачаткам мерапрыемства адбылася сустрэча першага намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі С. А. Чыжыка з дырэктарам Дэпартамента навукі і тэхналогій правінцыі Гуандун Гун Джаньвэнем, намеснікам мэра г. Фашань Вэнь Сі і дырэктарам аддзела развіцця навукі і тэхналогій г. Фашань Лю Джаньяо. У ходзе сустрэчы была абмеркавана стратэгія інавацыйнага развіцця правінцыі Гуандун і г. Фашань, а таксама ўдзел арганізацый НАН Беларусі ў гэтым працэсе.

У ходзе канферэнцыі С. А. Чыжык выступіў з пленарным дакладам, а члены дэлегацыі з выступленнямі па напрамках дзейнасці арганізацый, таксама адбылася ўрачыстая цырымонія запуску сумесных праектаў.

У другой палове дня праведзены перамовы з кіраўніцтвам Фашаньскага інстытута тэхналогій і прамысловасці АНГ, кампаніі па маніторынгу навакольнага асяроддзя Foshan Zhongke Yuntu Intelligent Co., Ltd., падчас якіх абмеркавана магчымасць выканання сумесных праектаў.