Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.03.2024

У Інстытуце прыродакарыстання НАН Беларусі атрыманы першыя даныя аб колькасці мікрапластыку ў глебах і азёрных водах аазісаў Усходняй Антарктыды

Навукоўцы Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі (д. т. н. праф. С. В. Какарэка, д. г. н. праф. Т. І. Кухарчык і м. н. с. К. А. Рабічын) упершыню выканалі даследаванне колькасці мікрапластыку ў азёрах і глебах аазісаў Усходняй Антарктыды.

Праблема мікрапластыку стала ў апошнія гады сапраўды глабальнай. Часціцы мікрапластыку зафіксаваныя ў тым ліку ў розных прыродных кампанентах Антарктыды і Паўднёвага акіяна, уключаючы марскую і наземную біёту. Таму ўзрастае ўвага да забруджвання навакольнага асяроддзя гэтага рэгіёна пластыкам і мікрапластыкам і наступстваў для ўнікальных палярных экасістэм і біёты. Але ўзровень вывучанасці забруджвання Антарктыды мікрапластыкам у цэлым застаецца нізкім і да таго ж нераўнамерным. Усходняя Антарктыда ў гэтых адносінах практычна не вывучана. Таму даследаванне гэтай праблемы, выкананае беларускімі навукоўцамі, уяўляе асаблівую цікавасць. Яно дазволіла атрымаць першыя ацэнкі колькасці часціц мікрапластыку (менш за 5 мм) у глебах і прэснаводных вадаёмах аазісаў Усходняй Антарктыды на прыкладзе аазіса Вячэрні Зямлі Эндэрбі.

Былі прааналізаваны ўзоры глебы і вады з прэснаводных азёр аазіса, адабраныя ў ходзе 14-й (2021/2022 гг.) і 15-й (2022/2023 гг.) беларускіх антарктычных экспедыцый. Даследаванне выявіла, што часціцы мікрапластыку прысутнічаюць ва ўсіх прааналізаваных пробах, нават адабраных у адносна аддаленых месцазнаходжаннях. Па форме ў большасці выпадкаў дамінуюць валокны.

Гэтая праца выканана ў рамках антарктычнай праграмы на 2021–2025 гады. Метады даследавання і атрыманыя вынікі прадстаўлены ў нядаўна апублікаваных артыкулах у навуковых выданнях.*

Даследаванне забруджвання навакольнага асяроддзя аазісаў Усходняй Антарктыкі мікрапластыкам, пачатае толькі два гады таму, будзе працягнута. Яно дазволіць лепш зразумець працэсы яго міграцыі і назапашвання ў навакольным асяроддзі з улікам ландшафтна-геаграфічных асаблівасцей доследных раёнаў Антарктыды. Плануецца таксама вывучэнне крыніц паступлення розных тыпаў пластыку ў навакольнае асяроддзе на навуковых антарктычных станцыях, уключаючы працэсы разбурэння/зносу аб’ектаў інфраструктуры і транспартных сродкаў.

________________________________________________________________________________________________________________________________________________________

* Kukharchyk T. I., Kakareka S. V., Rabychyn K. O. Microplastics in Soils of the Thala Hills, East Antarctica // Eurasian Soil Science, 2024, Vol. 57, No. 3, pp. 502–512. DOI: 10.1134/S1064229323603025

С.В. Какарека, Т.И. Кухарчик, К.О. Рябычин. Микропластик в водоемах прибрежных оазисов Восточной Антарктиды (на примере оазиса Холмы Тала, Земля Эндерби). Доклады Национальной академии наук. 2024, т. 68, №. 1, с. 72–78. DOI: 10.29235/1561-8323-2024-68-1-72-78.