Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.03.2024

Адбыўся візіт Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Гючлю Джэм Ышыка ў Інстытут філасофіі НАН Беларусі

Адбыўся візіт Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Гючлю Джэм Ышыка ў Інстытут філасофіі НАН Беларусі. Мэтай візіту было азнаямленне з дзейнасцю Беларуска-турэцкага даследчага цэнтра, створанага на базе Інстытута філасофіі ў 2023 годзе. На сустрэчы прысутнічалі дырэкцыя і супрацоўнікі Інстытута філасофіі, начальнік Галоўнага ўпраўлення міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва НАН Беларусі Уладзімір Падкапаеў, прадстаўнікі Пасольства Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Высокім турэцкім гасцям паказалі выставачную экспазіцыю Інстытута філасофіі, адбыўся агляд найноўшых навуковых выданняў і навуковых дасягненняў акадэмічных філосафаў. Гасцям расказалі пра гісторыю і сучасныя кірункі навуковай, арганізацыйнай і асветніцкай дзейнасці Інстытута філасофіі НАН Беларусі.

У час сустрэчы дырэктар Інстытута філасофіі Анатоль Лазарэвіч павіншаваў спадара Пасла з пачаткам дыпламатычнай місіі ў Рэспубліцы Беларусь (спадар Ышык прыступіў да выканання абавязкаў 1 лютага 2024 г.), адзначыў, што працягам сяброўскіх адносін паміж краінамі з’яўляецца плённае навуковае супрацоўніцтва Інстытута філасофіі і Пасольства Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Заканамерным вынікам партнёрства стала стварэнне Беларуска-турэцкага даследчага цэнтра. Анатоль Лазарэвіч расказаў пра задачы і напрамкі дзейнасці Беларуска-турэцкага даследчага цэнтра, выказаў надзею, што Цэнтр мае вялікія перспектывы развіцця на карысць навукі, адукацыі і культуры Беларусі і Турцыі.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва НАН Беларусі Уладзімір Падкапаеў перадаў прывітальныя словы спадару Ышыку і ўсёй дэлегацыі турэцкага пасольства ад Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова і запрасіў здзейсніць візіт у Прэзідыум НАН Беларусі. Абазначыў, што ў НАН Беларусі на сённяшні дзень эфектыўна функцыянуе больш за 40 міжнародных даследчых цэнтраў, і Беларуска-турэцкі даследчы цэнтр пры Інстытуце філасофіі з’яўляецца годным прыкладам высокаінтэнсіўнага і выніковага супрацоўніцтва акадэмічных вучоных. Выказаў надзею, што па сваім рэзерве Беларуска-турэцкі даследчы цэнтр можа стаць цэнтрам прыцягнення не толькі для навукоўцаў і выкладчыкаў Беларусі, але і ўсіх беларускіх грамадзян, якія цікавяцца турэцкай культурай.

Другая частка сустрэчы прайшла непасрэдна ў сценах Беларуска-турэцкага даследчага цэнтра, дзе ішла прадметная гутарка аб перспектывах развіцця Цэнтра, магчымасцях пашырэння праблематыкі навукова-даследчай і адукацыйна-інфармацыйнай дзейнасці, павышэнні кваліфікацыі навуковых кадраў шляхам вывучэння турэцкай мовы, правядзенні актуальных прэзентацый, публічных лекцый і майстар-класаў. Сумесны Беларуска-турэцкі даследчы цэнтр з’яўляецца структурным падраздзяленнем Інстытута філасофіі, у яго склад уваходзяць як беларускія, так і турэцкія даследчыкі і выкладчыкі, і служыць прасторай для тэарэтычнага і практычнага ўзаемадзеяння вучоных дзвюх краін па выяўленні агульных каштоўнасных і ідэйных вектараў у гістарычным мінулым і культурнай сучаснасці. Сёння Цэнтр вядзе работу па каардынацыі і правядзенні сумесных навуковых даследаванняў, выкананні асобных праектаў у сферы гісторыка-культурнай, духоўнай і філасофскай спадчыны Беларусі і Турцыі, рэгулярным навучанні турэцкай мове. У планах супрацоўнікаў Цэнтра пераклад твораў турэцкіх і беларускіх філосафаў, навукоўцаў на беларускую і турэцкую мовы, адпаведна.

Спадар Пасол выказаў глыбокую ўдзячнасць за цёплы прыём, расказаў, што даведаўся пра стварэнне Беларуска-турэцкага даследчага цэнтра задоўга да прыезду ў нашу краіну. Адзначыў, што навукова-гуманітарнае супрацоўніцтва Турцыі і Беларусі з’яўляецца найважнейшым вымярэннем узаемадзеяння паміж дружалюбнымі краінамі, што дае магчымасць вывесці ў тым ліку гандлёва-эканамічныя адносіны на новы ўзровень. Спадар Гючлю Ішык высока ацаніў праведзеную за кароткі тэрмін працу па якаснай і змястоўнай арганізацыі навуковых даследаванняў, тэхнічнай аснашчанасці цэнтра, арганізацыі курсаў турэцкай мовы, адзначыў наяўнасць высокакваліфікаванай каманды спецыялістаў цэнтра, што выступае гарантам прадукцыйнага супрацоўніцтва.

Таксама бакі абмеркавалі перспектывы далейшага ўзаемадзеяння з Турэцкім фондам Маарыф, формы ўдасканалення сучасных філасофскіх ведаў і навукова-адукацыйнай дзейнасці ў кантэксце работы Цэнтра і развіцця беларуска-турэцкіх адносін, сышліся ў меркаванні аб значным патэнцыяле Беларуска-турэцкага даследчага цэнтра, традыцый беларускай акадэмічнай філасофскай школы ў выбудоўванні добрых, надзейных і высокаэфектыўных адносін паміж Беларуссю і Турцыяй.

Тэгi
#візіт