Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.03.2024

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні ў 2024 годзе Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году якасці.

Рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці, заснаваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў сувязі з аб’яўленнем у Рэспубліцы Беларусь 2024 года Годам якасці згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2023 г. № 375. Конкурс праводзіцца з мэтай павышэння прэстыжу навуковай дзейнасці і якасці падрыхтоўкі нацыянальных кадраў, развіцця творчай актыўнасці, садзейнічання прафесійнаму росту маладых вучоных, стымулявання цікавасці да навуковай творчасці і прыцягнення моладзі ў навуку, фарміравання ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы і пачуцця датычнасці да будучыні краіны.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца прадстаўнікі шырокай грамадскасці — школьная, студэнцкая і рабочая моладзь, творчыя людзі, навукоўцы, прадстаўнікі вышэйшай школы, настаўнікі, дзеячы культуры, аспіранты, магістранты. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы ў складзе не больш за тры чалавекі.

Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: «Фізіка, матэматыка і інфарматыка — аснова якаснай апрацоўкі, перадачы, захоўвання і абароны інфармацыі»; «Фізіка-тэхнічныя інавацыі для павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных вытворчасцей»; «Дасягненні хіміі і прыродакарыстання — Году якасці»; «Беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў і захаванне біялагічнай разнастайнасці»; «Медыцынская навука — аснова высокай якасці жыцця»; «Гуманітарная навука — Году якасці»; «Аграрная навука — высокай якасці сельскагаспадарчай прадукцыі».

У кожнай з намінацый Конкурс праводзіцца па трох катэгорыях:

катэгорыя 1 — школьнікі і студэнты;

катэгорыя 2 — магістранты, аспіранты, маладыя вучоныя (да 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2024 г.);

катэгорыя 3 — вучоныя акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, настаўнікі, творчыя людзі (старэйшыя за 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2024 г.).

У кожнай з катэгорый уручаюцца дыпломы I, II і III ступені.

На Конкурс падаюцца вынікі даследаванняў, апублікаваныя ў форме артыкулаў (цыкла артыкулаў) у навуковых і навукова-папулярных выданнях, распрацоўкі, якія валодаюць канкурэнтаздольнасцю, эфектыўнасцю, сацыяльна-эканамічнай значнасцю, а таксама макеты, узоры, навуковыя даклады, прэзентацыі, публіцыстычныя артыкулы, эсэ, музычныя і мастацкія творы, творы прозы і паэзіі.

Умовы конкурсу, патрабаванні да работ і ўдзельнікаў, парадак разгляду работ і іншыя пытанні арганізацыі і правядзення конкурсу выкладзены ў Палажэнні аб рэспубліканскім конкурсе творчых работ, прысвечаным Году якасці, зацверджаным Пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ад 23 лютага 2024 г. № 65, з якім можна азнаёміцца па спасылцы.

Матэрыялы вылучэння работ на конкурс, аформленыя згодна з Палажэннем, накіроўваюцца ў адным экзэмпляры да 1 кастрычніка 2024 г. у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, пр. Незалежнасці, д. 66.

Заяўка на ўдзел у конкурсе ў тэкставым рэдактары Microsoft Word, аформленая згодна з устаноўленай формай, дадаткова накіроўваецца на электронны адрас у адпаведнасці з намінацыяй (пералік электронных адрасоў паказаны ў пункце 14 Палажэння).

Тэлефоны для даведак: (017) 275-24-56, (017) 358-28-26.