Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.03.2024

Дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел ва ўрачыстых провадах першага касманаўта Беларусі на касмадроме Байканур

23 сакавіка 2024 года першая ў гісторыі суверэннай Беларусі жанчына-касманаўт Марына Васілеўская адправілася з касмадрома Байканур на Міжнародную касмічную станцыю ў складзе асноўнага экіпажа 21-й экспедыцыі. На борце транспартнага пілатаванага карабля «Саюз МС-25» з нашай суайчынніцай — дасведчаны касманаўт Алег Навіцкі і астранаўт НАСА Трэйсі Дайсан.

Дэлегацыя НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым прыняла ўдзел ва ўрачыстых провадах першага касманаўта Беларусі на касмадроме Байканур. У складзе групы падтрымкі была дэлегацыя Савета маладых вучоных НАН Беларусі. Перад палётам касманаўты атрымалі сардэчныя пажаданні ад Старшыні Прэзідыума, кіраўніцтва і маладых навукоўцаў НАН Беларусі.

У рамках візіту Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў прыняў удзел у рабоце дзяржаўнай камісіі па гатоўнасці да запуску экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў г. Байканур. Адбылася сустрэча з кіраўніком Дзяржкарпарацыі Раскосмас Юрыем Барысавым.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і галоўны вучоны сакратар Васіль Гурскі наведалі домік Гагарына і домік Каралёва, а таксама музей касманаўтыкі на касмадроме Байканур. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей музея касманаўтыкі.

Напярэдадні паездкі на Байканур Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і галоўны вучоны сакратар Васіль Гурскі наведалі НДЦ Курчатаўскі інстытут, дзе адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Курчатаўскага інстытута Міхаілам Кавальчуком. Кіраўнікі вядучых навуковых арганізацый Саюзнай дзяржавы абмеркавалі рэалізацыю дарожнай карты двухбаковага ўзаемадзеяння, абмяняліся ідэямі развіцця навукова-тэхналагічнага супрацоўніцтва і намецілі планы сумеснай работы на перспектыву.

Беларуская касманаўтка Марына Васілеўская праводзіць навуковыя эксперыменты на МКС. Іх вынікі стануць важкім крокам на шляху развіцця беларускай навукі. Праграму распрацоўвалі НАН Беларусі, РАН і Раскосмас. Яна ўключае 7 мэтавых работ. З іх 5 навукова-даследчых і 2 адукацыйныя праекты.

Ініцыятарам агульнанацыянальнага праекта падрыхтоўкі беларускага касманаўта да палёту стаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.