Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.04.2024

Адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі.

10 красавіка 2024 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі. У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі; дырэктар УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі Сяргей Залатой; першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Наталля Фурык; намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НПЦ па жывёлагадоўлі Аляксандр Будзевіч; намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута мікрабіялогіі Таццяна Сямашка і вядучы спецыяліст упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі Ірына Казачок.

У рамках прэс-мерапрыемства вучоныя Акадэміі навук прадставілі дасягненні Беларусі ў галіне касмічных тэхналогій, расказалі пра распрацоўку навуковай праграмы і эксперыментаў у рамках палёту першага касманаўта РБ Марыны Васілеўскай на МКС, вынікі палёту і многае іншае.

Як падкрэсліў на прэс-канферэнцыі Васіль Гурскі, палёт грамадзяніна Беларусі ў космас — гэта не выпадковы або спантанны поспех. Ён з’яўляецца вынікам вялікай, доўгатэрміновай і мэтанакіраванай працы вялікай колькасці людзей. «Перш за ўсё, неабходна адзначыць, што развіццё Беларускай касмічнай праграмы — гэта ініцыятыва Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Дзякуючы яго падтрымцы і развіваецца ўся касмічная дзейнасць у нашай краіне», — падкрэсліў Васіль Гурскі.

Дырэктар УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі Сяргей Залатой на прэс-канферэнцыі расказаў пра развіццё малых касмічных апаратаў і стварэнне груповак, што з іх складаюцца. Паводле яго слоў, Беларусь сумесна з Расіяй выконвае саюзную праграму «Комплекс-СД», у рамках якой ствараецца групоўка малых касмічных апаратаў. «Два апараты робіць Расія, адзін робіць Беларусь. Гэта касмічныя апараты вагой 10 кг. Ёсць апарат больш сур’ёзны, які важыць каля 50 кг. Гэтая групоўка будзе вырашаць задачы, звязаныя ў тым ліку з дыстанцыйным зандзіраваннем Зямлі», — падкрэсліў ён. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» Наталля Фурык расказала пра работу вучоных над стварэннем комплекснага кісламалочнага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту. Намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце ДНУ «Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі» Таццяна Сямашка праінфармавала прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі пра тое, што беларускі касманаўт Марына Васілеўская адабрала на Міжнароднай касмічнай станцыі ўзоры мікраарганізмаў для іх вывучэння беларускімі навукоўцамі. Аляксандр Будзевіч, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі», расказаў пра эксперымент па каштоўным бялку — лактаферыне. Ірына Казачок, вядучы спецыяліст упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, падрабязна спынілася на беларускай гісторыі заваявання космасу.

На заканчэнне прэс-канферэнцыі навукоўцы адказалі на шматлікія пытанні журналістаў.