Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.04.2024

Цэнтральная навуковая бібліятэка запрашае ўсіх на навукова-папулярную пляцоўку — #ПРОнаука.

19 красавіка 2024 года ў рамках культурна-асветніцкай акцыі «Бібліяноч–2024» Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі запрашае ўсіх, хто захоплены навукай, хто любіць чытаць і адкрываць для сябе нешта новае і нязведанае, на навукова-папулярную пляцоўку — #ПРОнаука.

З 19:00 да 23:00 гасцей бібліятэкі чакае цікавая і насычаная праграма. На лекцыйных пляцоўках можна будзе даведацца, як па некалькіх костках аднавіць памеры, аблічча і нават колер дыназаўраў, як вылучыць ДНК-малекулу ў хатніх умовах са звычайнай садавіны. Гасцям раскажуць гісторыю ўзнікнення сыру, пазнаёмяць з асноўнымі этапамі стварэння і дасягненнямі ў вытворчасці беларускіх электрамабіляў, правядуць майстар-клас па асновах аўтамабільнага дызайну, а таксама праінфармуюць аб навуковых памылках і раскажуць, што з імі рабіць.

Уявіць Бібліяноч без яе галоўных атрыбутаў — кніг — немагчыма! Супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі прадэманструюць гасцям мерапрыемства свае ўнікальныя фонды рукапісных матэрыялаў і фотадакументаў на выставе «Уклад вучоных у стварэнне беларускай навукі». Увазе гасцей будуць прапанаваны «Прыжыццёвыя выданні дзеячаў навукі і культуры XVIII–XIX стст. З кніжнай калекцыі Радзівілаў», «Кнігі духоўных навучальных устаноў Расіі і Беларусі XVIII–XIX стст.» і многае іншае. Праслухаць лекцыі «Абывацельская свядомасць і таямніцы прафесійнага пошуку ў генеалогіі» і «Таямнічы Ядвін Ш.: невядомыя фотаздымкі і факты з біяграфіі» можна будзе ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў.

Юных знаўцаў чакаюць забаўляльныя пляцоўкі з інтэлектуальнымі гульнямі і квэстамі, а таксама майстар-клас ад дзіцячага навуковага клуба «Малекула», дзе кожны ўдзельнік зможа адчуць сябе сапраўдным навукоўцам!

У гасцей Бібліяночы па папярэднім запісе ёсць унікальная магчымасць атрымаць атмасферную фотасесію ў кніжнай прасторы ад прафесійнага фатографа (+ 375 17 379 27 06 або Instagram: @rasolko_katya).

Знойдзецца месца на нашай пляцоўцы і творчай лабараторыі.

Вывучаць гісторыю па кнігах XVI–XIX стст. або адправіцца ў касмічнае падарожжа? Выбар за вамі!

У час вячэрняга праменаду каманда БДУКМ прадставіць эстрадна-паэтычную праграму, на якой маладыя артысты прадэманструюць свае таленты, а незабыўныя эмоцыі і добры настрой усім прысутным падорыць школа ірландскага танца «Dance Spirit» з праграмай «Рытмы Ірландыі».

Уваход на навукова-папулярную пляцоўку #ПРОнаука вольны.

Сурганава, 15, ст. м. «Акадэмія навук», Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі