Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.04.2024

У Інстытуце мікрабіялогіі абмяркуюць сучасны стан і перспектывы развіцця прыродаахоўных біятэхналогій

23 красавіка 2024 года ў 10.00 у Мінску на базе Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі (г. Мінск, вул. Акадэміка Купрэвіча, 2, актавая зала) адбудзецца адкрыццё I Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інавацыйныя біятэхналогіі для аховы навакольнага асяроддзя: ад тэорыі да практыкі».

У канферэнцыі прымуць удзел больш за 150 прадстаўнікоў навуковых арганізацый Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Узбекістана, Азербайджана, Кыргызстана, а таксама прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў (эколагі, тэхнолагі, спецыялісты ачышчальных збудаванняў і г. д.). Першы спецыялізаваны форум у галіне мікробных прыродаахоўных тэхналогій збярэ ў Мінску вядомых навукоўцаў, маладых даследчыкаў, спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і прадстаўнікоў прыродаахоўных кампаній з Беларусі і замежных краін для ацэнкі сучаснага стану, выяўлення прыярытэтаў і перспектыўных напрамкаў далейшага развіцця.

На форуме 23–25 красавіка будзе прадстаўлена інфармацыя пра найноўшыя дасягненні і сусветныя тэндэнцыі ў галіне фундаментальнай і прыкладной мікрабіялогіі, накіраванай на мінімізацыю і прадухіленне шкоды навакольнаму асяроддзю ў выніку вытворчай і іншай дзейнасці чалавека, сучасныя падыходы да стварэння біяпрэпаратаў для аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці і іншых галін. Будуць абмеркаваны перспектывы эфектыўнай трансфармацыі навуковых даследаванняў і вынаходак у інавацыі і ўкаранення навукаёмістых біятэхналогій у рэальны сектар эканомікі.

Праграма канферэнцыі ўключае больш за 60 вусных дакладаў па 5 секцыях «Філагенетычная разнастайнасць і метабалічны патэнцыял мікраарганізмаў-дэструктараў ксенабіётыкаў», «Біятэхналогіі ачысткі сцёкавых вод і водападрыхтоўкі», «Глебавая мікрабіялогія і біярэмедыяцыя тэхнагенна-забруджаных тэрыторый», «Мікробная перапрацоўка, абясшкоджванне і ўтылізацыя арганічных адходаў», «Біяманіторынг, біяіндыкацыя і біясэнсары».

У рамках канферэнцыі будзе арганізавана выстава прадукцыі айчынных і замежных прадпрыемстваў з мэтай прэзентацыі найноўшых распрацовак для аховы навакольнага асяроддзя, а таксама фірмаў — пастаўшчыкоў прыродаахоўнага абсталявання і рэагентаў для аховы навакольнага асяроддзя. Таксама будзе абсталявана спецыяльная пляцоўка, дзе ўдзельнікі змогуць абмяняцца друкаванымі матэрыяламі, якія дэманструюць вынікі іх прыродаахоўных распрацовак.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Інавацыйныя біятэхналогіі для аховы навакольнага асяроддзя: ад тэорыі да практыкі» прымеркавана да 30-годдзя з дня стварэння лабараторыі прыродаахоўных біятэхналогій Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі. Лабараторыя з’яўляецца вядучым распрацоўшчыкам у Рэспубліцы Беларусь канкурэнтаздольных, экалагічна бяспечных тэхналогій ачысткі забруджаных прыродных і вытворчых асяроддзяў. На базе лабараторыі паспяхова развіваецца навуковая школа біядэградацыі ксенабіётыкаў, створаная ў 1994 г. доктарам біялагічных навук, прафесарам Самсонавай А. С. Навуковыя даследаванні, якія праводзяцца ў падраздзяленні, і тэхналогіі, якія распрацоўваюцца, па ўзроўні адпавядаюць сусветным, а атрыманыя біяпрэпараты часта не маюць аналагаў. Навукова-практычная дзейнасць лабараторыі вядомая як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі.