Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.04.2024

Кіраўніцтва і супрацоўнікі НАН Беларусі прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку

20 красавіка 2024 года кіраўніцтва і супрацоўнікі НАН Беларусі прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Прадстаўнікі Прэзідыума, інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым працавалі ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі, закладвалі экспазіцыі дэкаратыўных яблынь і добраўпарадкоўвалі тэрыторыю. Наведзены парадак і на тэрыторыі Прэзідыума.

Ва ўсіх арганізацыях НАН Беларусі прайшлі суботнікі. Рабочыя калектывы актыўна наводзілі парадак на працоўных месцах і прылеглых тэрыторыях, азелянялі двары і акультурвалі гісторыка-культурныя аб’екты. Навукоўцы Інстытута гісторыі, акадэмічных інстытутаў правялі комплекс работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі археалагічнага комплексу на р. Менцы ў в. Гарадзішча Мінскага раёна. Пачалася кансервацыя драўляных абарончых канструкцый вала гарадзішча.

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі 20 красавіка 2024 года. У гэтым годзе грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення суботніка, у тым ліку на працоўных месцах, паступілі: 35 % — Гомельскаму аблвыканкаму на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны» ў г. п. Красны Бераг Жлобінскага раёна, 35 % — Брэсцкаму аблвыканкаму на стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, 30 % — на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы, размешчаных у абласцях і Мінску.