Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.05.2024

Дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у запуску кітайскага месяцовага зонда Chang'е-6

Дэлегацыя НАН Беларусі ў складзе Галоўнага вучонага сакратара Васіля Гурскага і дырэктара УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» Сяргея Залатога прыняла ўдзел у запуску кітайскага месяцовага зонда Chang'е-6 на касмадроме ў г. Хайкоу (Кітай) 3 мая 2024 года. У ходзе падрыхтоўкі да запуску прайшла канферэнцыя, дзе прадстаўнікі краін-удзельніц кітайскай месяцовай праграмы (Кітай, Францыя, Італія, Пакістан і інш.) расказалі пра падрыхтоўку месяцовага зонда і праграму палёту. Прайшлі таксама перамовы дэлегацыі НАН Беларусі з прадстаўнікамі Кітайскай нацыянальнай касмічнай адміністрацыі (CNSA) і Раскосмасу аб перспектывах удзелу Беларусі ў праграмах даследавання Месяца.

Для даведкі: Кітай запусціў зонд «Чан'э-6» для дастаўкі грунту з адваротнага боку Месяца. Уся місія зойме 53 дні, зонд павінен даставіць на Зямлю каля двух кілаграмаў грунту. Калі ўсё пройдзе паспяхова, то ўзоры з адваротнага боку Месяца атрымаецца «здабыць» упершыню ў гісторыі чалавецтва. Кітай спадзяецца сабраць на адваротным баку Месяца ўзоры грунту, якім каля 4 мільярдаў гадоў, заявілі ў Нацыянальным касмічным упраўленні. Геалагічны ўзрост узораў, якія збіралі ЗША і СССР, складаў прыкладна тры мільярды.