Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.05.2024

Дэлегацыя НАН Беларусі ўсклала кветкі да абеліска на 9-м км Маскоўскай шашы ва Уруччы

7 мая, напярэдадні Дня Перамогі, дэлегацыя НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума Уладзімірам Гусаковым усклала кветкі да абеліска загінулым ваеннапалонным і цывільным асобам на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы ва Уруччы.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснікі Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары Аддзяленняў навук, кіраўнікі арганізацый, гісторыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, маладыя навукоўцы. Помнік узведзены ў памяць 30 тысяч савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных грамадзян, расстраляных і закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1943 гг. На мемарыяльнай пліце выбіты імёны некалькіх дзясяткаў воінаў, якія загінулі ў раёне Уручча. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі дапамагалі шукаць імёны пахаваных тут герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Уладзімір Гусакоў адзначыў, што навукоўцамі НАН Беларусі праводзіцца карпатлівая работа па аднаўленні імёнаў тых, хто да гэтага часу спачывае ў безыменных магілах. «Сёння, калі ў свеце ідзе фальсіфікацыя і скажэнне гістарычных фактаў, рэабілітуюцца злачынцы і замоўчваюцца пераможцы, як ніколі важна даносіць да людзей праўду», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. «Паводле апошніх звестак, устаноўлена, што ў Беларусі спалена і пацярпела больш за 12 тыс. населеных пунктаў, а долю Хатыні зазналі прыкладна 300 вёсак і пасёлкаў. Хіба можна забыць гэтыя жахі? Была знішчана ўся эканоміка і народная гаспадарка краіны. Страты склалі каля 75 млрд савецкіх рублёў, але гэта толькі прамыя страты. Не вярнуліся мужчыны і мужы. Пасляваенным аднаўленнем займаліся жанчыны, — звярнуў увагу Уладзімір Гусакоў. — Для Беларусі 9 Мая — гэта святое свята, якое адлюстроўвае трыумф, перамогу і радасць».

Напярэдадні Дня Перамогі супрацоўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі наведваюць месцы воінскай славы, праводзяць работу па добраўпарадкаванні пахаванняў навукоўцам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і ўскладаюць кветкі да мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў, брацкіх магіл і магіл невядомых салдат.