Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.05.2024

Выязное прэс-мерапрыемства ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі

8 мая 2024 года адбылося выязное прэс-мерапрыемства для прадстаўнікоў беларускіх СМІ з наведваннем Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі.

Тэма мерапрыемства: «Новыя рэкрэацыйныя магчымасці батанічнага саду для жыхароў і гасцей сталіцы». Пра новыя напрамкі дзейнасці ўнікальнага прыроднага аб’екта, пра апошнія вынікі работы вучоных расказалі дырэктар ЦБС НАН Беларусі Фёдар Прывалаў, вучоны сакратар Павел Белы, кіраўнікі структурных падраздзяленняў Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі. Былі прадстаўлены і новыя магчымасці для наведвальнікаў у гэтым сезоне. Журналісты наведалі шэраг новых знакавых аб’ектаў ЦБС НАН Беларусі. Сярод іх — экспазіцыя «Японскі сад», якая пастаянна абнаўляецца і з часам будзе дапаўняцца новымі элементамі і раслінамі. У садзе ўжо квітнеюць нарцысы і дэкаратыўныя яблыні, можна наведаць гадавальнік рэдкіх шматгадовых раслін і палюбавацца калекцыяй бэзу, разнавіднасцей якога ў садзе каля 270. У цяперашні час у ЦБС НАН Беларусі актыўна функцыянуюць хвойныя, ландшафтная японская і іншыя экспазіцыі, а таксама асвойваюцца новыя тэрыторыі. Прадставілі журналістам і новы гандлёвы павільён, дзе можна набыць прадукцыю батанічнага саду.

Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі з’яўляецца самым буйным у краіне цэнтрам па захаванні біяразнастайнасці жывых раслін, вядучай навуковай установай у галіне інтрадукцыі, акліматызацыі, фізіялогіі, малекулярнай біялогіі, біятэхналогіі, біяхіміі і экалогіі раслін. Даследаванні і практычная работа ў галіне інтрадукцыі раслін забяспечыла стварэнне генафонду дэкаратыўных і гаспадарча-карысных інтрадуцыраваных раслін з больш як 15 тысяч найменняў, які складае нацыянальны здабытак Рэспублікі Беларусь.