Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.07.2015

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Дарагія ветэраны, паважаныя калегі! Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас з галоўным для ўсяго беларускага народа святам – Днём Незалежнасці. Глыбока сімвалічна, што ў гэтым годзе яно адзначаецца разам са знамянальнай датай – 70-годдзем Вялікай Перамогі. Менавіта дата вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па волі беларускага народа стала Днём Незалежнасці, звязаўшы для ўсіх нас святыя словы і паняцці – Свабода і Незалежнасць.
Асаблівыя словы ўдзячнасці мы адрасуем ветэранам-вучоным. Вашы поспехі ў даваенны і пасляваенны час дазволілі нашай краіне і беларускаму народу дасягнуць прарыўных вынікаў ва ўсіх сферах развіцця. Без базы, закладзенай вамі многія дзесяцігоддзі назад, не было б і сучаснай Беларусі.
Вучоныя змагаліся на франтах і працавалі ў тыле. Многія паказвалі бяспрыкладны подзвіг і адзначаны найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Свяшчэнная памяць аб гераічным подзвігу дапамагае нам не дапускаць трагічных памылак, а рэальна ацэньваць пагрозы і атрымліваць сур’ёзныя ўрокі з мінулага. З кожным годам наша краіна набывае новую вагу на сусветнай палітычнай арэне. Беларусаў чакаюць у розных кутках планеты, лічацца з нашымі прапановамі, паважаюць наш статус. Падзеі апошніх гадоў гавораць пра міралюбівую палітыку нашай дзяржавы, якая нікому не пагражае. Узважаная і паслядоўная пазіцыя Беларусі па многіх міжнародных пытаннях стала рашаючым фактарам на карысць таго, што менавіта Мінск выбраны ў якасці галоўнай пляцоўкі для ўрэгулявання ваенных канфліктаў. Шырокі рэзананс у грамадстве атрымаў праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года. Згодна з апошнімі данымі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, тры чвэрці беларусаў глядзяць у будучыню з аптымізмам. Галоўны вывад даследавання сацыёлагаў – Беларусь адбылася як моцная, незалежная, самастойная дзяржава. Так лічыць большасць, а дакладней, 74,9% рэспандэнтаў.
Дзень Незалежнасці – нагода задумацца пра тое, што сіла беларусаў знаходзіцца ў іх адзінстве. Толькі разам мы зможам перавесці краіну на больш устойлівыя рэйкі развіцця, павялічыць яе фінансавы і чалавечы капітал, ісці ўперад у супярэчлівым сучасным свеце. Упэўнены, што аб’яднаўшы намаганні дзеля адзінай нацыянальнай ідэі пабудовы моцнай і квітнеючай краіны, будуць дасягнуты яшчэ большыя вынікі. І ў авангардзе павінна быць моцная і выніковая навука!
3 ліпеня – вялікае свята, сімвал адданасці Радзіме, надзеі і аптымізму. Шчыра жадаю ўсім шчасця, дабра, здароўя і поспехаў у працы на карысць любімай Радзімы. Са святам вас, дарагія ветэраны і калегі!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі