Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.07.2015

У НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах адбыўся семінар "Рукакрылыя Беларусі: відавая разнастайнасць, экасістэмная роля, асаблівасці вывучэння і аховы»

Навуковы і турыстычны аддзел Нацыянальнага парку «Нарачанскі» сумесна з НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах правялі семінар «Рукакрылыя Беларусі: відавая разнастайнасць, экасістэмная роля, асаблівасці вывучэння і аховы». Для ўдзельнікаў былі праведзены тэарэтычныя заняткі з выкарыстаннем медыяматэрыялаў і інфармацыйна-паліграфічных выданняў, якія раскрываюць аспекты біялогіі, экасістэмнай ролі і значэння прадстаўнікоў атрада рукакрылых на тэрыторыі Беларусі, а таксама асноўныя тэндэнцыі навуковых даследаванняў і сістэмы іх аховы за мяжой. Актуальнасць тэмы семінара звязана з малой вывучанасцю атрада рукакрылых на тэрыторыі НП «Нарачанскі» і Беларусі ў цэлым. Практычная частка ўключыла палявыя даследаванні, дзе супрацоўнікамі навуковага аддзела і студэнтамі былі на практыцы адпрацаваны базавыя навыкі ультрагукавой дэтэкцыі, адлову, вывучэння відавой разнастайнасці і сутачнай актыўнасці прадстаўнікоў атрада рукакрылых, а таксама навучанне метадам адбору біялагічнага матэрыялу. Па выніках семінара будзе створаны адкрыты вэб-дадатак на аснове collector ArcGIS, які дазволіць больш разнастайна выкарыстоўваць у экалагічнай асвеце, візуалізаваць і адкрыта папаўняць базу дадзеных наяўных звестак аб лятучых мышах на тэрыторыі краіны.