Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.10.2015

У Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча адбудзецца VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Рэгуляцыя росту, развіцця і прадуктыўнасці раслін”

28-30 кастрычніка 2015 года Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі сумесна з Беларускім грамадскім аб'яднаннем фізіёлагаў раслін праводзіць VIII Міжнародную навуковую канферэнцыю “Рэгуляцыя росту, развіцця і прадуктыўнасці раслін”.

Асноўныя тэматычныя напрамкі работы канферэнцыі: рост, развіццё і прадуктыўнасць раслін, фітацэнозаў і штучных аграэкасістэм; фотасінтэз, дыханне, мінеральнае харчаванне і водны абмен раслін, сігнальныя сістэмы клетак вышэйшых раслін; стрэс і адаптацыя ў раслін, павышэнне іх устойлівасці з выкарыстаннем фізіялагічна актыўных рэчываў і біятэхналагічных прыёмаў.

У канферэнцыі прымуць удзел вучоныя з Беларусі (з 7 навуковых і вучэбных устаноў), Расіі, Украіны, Кітая, Таджыкістана і Азербайджана. Будуць разгледжаны пытанні абгрунтавання шляхоў максімальнай рэалізацыі патэнцыялу расліннага арганізма ў фарміраванні гаспадарча каштоўнай часткі ўраджаю, устойлівасці да неспрыяльных фактараў асяроддзя на малекулярным, клеткавым, арганізмавым і цэнатычным узроўнях, якія маюць важнае навуковае і практычнае значэнне.

На пленарных пасяджэннях будуць абмеркаваны сучасныя ўяўленні аб удзеле гармонаў у перадачы сігналаў, рэгуляцыі морфагенезу раслін, утварэнні і паспяванні сакавітых пладоў, праяўленні ахоўнага дзеяння на раслінах прыродных рэгулятараў росту. Значная ўвага будзе нададзена даследаванням стрэс-рэакцый раслін на ўздзеянне цяжкіх металаў, нізкіх тэмператур і патагенаў; фізіялагічных асаблівасцей прадукцыйнага працэсу ў высокаўраджайных гатункаў збожжавых культур, праблеме стварэння стандартызаваных субстратаў для кантэйнернага вырошчвання раслін, практычнага прымянення рэгулятараў росту ў раслінаводстве.

Адкрыццё канферэнцыі: 28 кастрычніка 2015 г. у 14.00
Месца правядзення: ДНУ "Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі» (г. Мінск, вул. Акадэмічная, 27, зала пасяджэнняў, п.141).