Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.12.2015

Зроблены мантаж установачнай платформы і выканана загрузка першага аб’екта Беларускай антарктычнай станцыі

27-29 снежня 2015 года ў раёне базіравання Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ) каля гары Вячэрняя ва Усходняй Антарктыдзе, з борта расійскага НЭС “Акадэмік Фёдараў” праведзена паветрана-транспартная аперацыя. На месца базіравання БАЭ дастаўлены элементы інфраструктуры Беларускай антарктычнай станцыі, зроблены мантаж установачнай платформы і выканана разгрузка першага аб’екта Беларускай антарктычнай станцыі - трохсекцыйнага лабараторна-жылога модуля. Пра гэта паведаміў начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў. Як падкрэсліў А. Гайдашоў, дадзеная аперацыя не мае аналагаў у гісторыі антарктычных экспедыцый: “На працягу трох сутак, пры неспрыяльных метэаўмовах (хуткасць ветру 25, парывы 32 м/с, снег, агульная і нізавая мяцеліца). Беларуская антарктычная экспедыцыя забяспечана прадметамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і прадуктамі харчавання ў поўным аб’ёме. Сродкі жыццезабеспячэння і сувязі правераны і ўведзены ў эксплуатацыю”.
Палявы лагер БАЭ каля гары Вячэрняя гатовы да працы ў аўтаномным рэжыме. Асабісты склад БАЭ здаровы і прыступіў да правядзення інжынерна-тэхнічных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ўводу ў эксплуатацыю першага аб’екта Беларускай антарктычнай станцыі і выканання праграмы навуковых даследаванняў.
Больш падрабязна - у прэс-рэлізе.