Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.04.2016

Дырэктару цэнтра ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый В.І. Дравіцу 60 гадоў

4 красавіка 2016 года Віктару Іванавічу Дравіцу, дырэктару Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Міжгаліновы навукова-практычны цэнтр ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый” спаўняецца 60 гадоў.

В.І. Дравіца актыўна ўдзельнічае ва ўсіх распрацоўках Цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі і з’яўляецца іх ідэйным натхняльнікам. Асноўныя напрамкі даследаванняў і практычных распрацовак прадпрыемства арыентаваны на стварэнне і суправаджэнне інфармацыйных сістэм нацыянальнага ўзроўню, пабудаваных на аснове тэхналогій аўтаматычнай ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый. Гэтыя напрамкі дзейнасці адпавядаюць прыярытэтам навукова-тэхнічнага развіцця рэспублікі, зацверджаным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

З мэтай выканання пастаноў Урада Цэнтрам сістэм ідэнтыфікацыі праводзіцца комплекс навукова-практычных работ па рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь у міжнароднай сістэме таварнай нумарацыі. У тым ліку Цэнтрам сістэм ідэнтыфікацыі забяспечваецца суправаджэнне нацыянальнага дэпазітарыя ідэнтыфікацыйных (штрыхавых) кодаў і радыёчастотных метак (RFID- пазнак), які з’яўляецца часткай глабальнай міжнароднай сістэмы таварнай нумарацыі GS1. Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле В.І. Дравіцы створана аўтаматызаваная сістэма кантролю легальнасці тавараў лёгкай прамысловасці на базе RFID-тэхналогій. Укараненне гэтай сістэмы дазваляе знізіць аб’ёмы кантрафактнай прадукцыі, якая рэалізуецца на рынках Рэспублікі Беларусь, забяспечыць кантроль імпарту тавараў для ажыццяўлення маніторынгу эканамічнай дзейнасці і павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных вытворцаў і імпарцёраў. Віктар Іванавіч Дравіца з’яўляецца аўтарам больш за 50 навуковых прац, у 2011-2014 гг. прадстаўляў інтарэсы Рэспублікі Беларусь у якасці віцэ-старшыні Бюро Цэнтра па спрашчэнні працэдур гандлю і электронных дзелавых аперацыях ААН (СЕФАКТ ААН), таксама з’яўляецца членам міжведамаснага навукова-метадычнага савета па забеспячэнні развіцця сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі, старшынёй праўлення Асацыяцыі аўтаматычнай ідэнтыфікацыі ГС1 Бел. , членам кансультатыўнага савета па ўзаемадзеянні Еўразійскай эканамічнай камісіі беларуска-казахстанска-расійскай бізнес-супольнасці.

За перыяд кіраўніцтва Цэнтрам Віктар Іванавіч Дравіца ўнёс важкі асабісты ўклад у развіццё інфармацыйных сістэм і тэхналогій радыёчастотнай ідэнтыфікацыі (RFID- тэхналогій) у Рэспубліцы Беларусь, за што ўдастоены падзякі Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Кабякова А.В. і Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Гусакова У.Р.

Калектыў НАН Беларусі і Цэнтра ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый шчыра віншуе Віктара Іванавіча з юбілеем і жадае нязменнага дабрабыту, бясконцага патоку ідэй, рэалізацыі праектаў, доўгіх гадоў жыцця, поўных радасных хвілін!