Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.04.2016

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі пройдзе Ноч з навукай

Усіх, хто цікавіцца навукай і імкнецца спазнаць сябе і свет вакол у незвычайны час запрашае да сябе ў госці Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Упершыню бібліятэка адчыняе свае дзверы ў незвычайным фармаце і ў незвычайны час. 22 красавіка 2016 года з 19.00 да 23.00 галоўная навуковая скарбніца краіны далучаецца да гарадской акцыі «Бібліяноч 2016», якая будзе праводзіцца ў гэтым годзе буйнымі навуковымі бібліятэкамі Мінска: Фундаментальнай бібліятэкай БДУ, Навуковай бібліятэкай БНТУ, Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкай і Навукова-педагагічнай бібліятэкай ГІАЦ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Цэлая чарада найцікавейшых мерапрыемстваў пройдзе ў ЦНБ НАН Беларусі пад агульнай назвай «Ноч з навукай: чалавек і яго свет». З вечара і да самай ночы вы зможаце:

- Наведаць лекцыю аб генетыцы чалавека і даведацца пра дзіўныя магчымасці дыягностыкі ў сучаснасці і будучыні
- Спасцігнуць навуку эфектыўных зносін і развіць эмацыянальны інтэлект на майстар-класах ад вядучых спецыялістаў у сферы медыяцыі і псіхалогіі
- Пабачыць унікальныя выданні з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў
- Прыняць удзел у навукова-папулярных воркшопах і праверыць свае веды ў займальнай віктарыне ад праекта “Навука па-за сабой”
- Азнаёміцца з навінкамі навукова-папулярнай літаратуры ад самых вядомых аўтараў сучаснасці
- Паглядзець арыгінальныя музычныя нумары ад ансамбляў “Святки” і “Арыранг”, а таксама ўзрушаючае футурыстычнае неонавае шоу ад тэатра “Элементаль”
- Захаваць сябе і сяброў у крэатыўнай “навуковай фотазоне” ад праекта “Фонкартон”
- Здзейсніць пазнавальную экскурсію па бібліятэцы

Больш падрабязна пра мерапрыемства.