Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.07.2016

У НАН Беларусі адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве з Вышэйшымі каледжамі тэхналогій (ААЭ)

22 ліпеня 2016 г. у НАН Беларусі адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і падрыхтоўкі навуковых кадраў паміж Вышэйшымі каледжамі тэхналогій (ААЭ) і НАН Беларусі. Для падпісання пагаднення ў НАН Беларусі прыбыў рэктар Вышэйшых каледжаў тэхналогій (HCT) Абдулатыф аль-Шамсі.

Пагадненне прадугледжвае абмен навуковай інфармацыяй, узаемныя паездкі вучоных і даследчыкаў, арганізацыю сумесных семінараў, сімпозіумаў і навучальных праграм для стымулявання навуковых даследаванняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, а таксама падрыхтоўку навуковых кадраў на ўзроўні магістарскіх і PhD праграм, прадастаўленне адпаведных стыпендый.

Падпісанне Пагаднення з’яўляецца часткай намаганняў дзеля дасягнення ААЭ да 2021 года ўстойлівай і разнастайнай па структуры эканомікі ведаў, за кошт інвестыцый у развіццё чалавечага капіталу і навучанне студэнтаў сучасным навыкам.

Вышэйшыя каледжы тэхналогій (НСТ) - найбуйнейшая вышэйшая навучальная ўстанова ў ААЭ.

Таксама ў праграму візіту рэктара Вышэйшых каледжаў тэхналогій Абдулатыфа аль-Шамсі ўваходзіць наведванне шэрагу навуковых і вытворчых арганізацый НАН Беларусі, пастаянна дзеючай выставы НАН Беларусі “Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”, Музея гісторыі НАН Беларусі.