Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.08.2016

На тэрыторыі музея “Замкавы комплекс “Мір” выяўлены новыя ўнікальныя знаходкі

Сёння, 4 жнiўня 2016 года, Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміру Гусакову былі прадстаўлены вынікі археалагічных раскопак на тэрыторыі музея “Замкавы комплекс ”Мір”.

У Карэліцкім раёне побач з Мірскім замкам упершыню праводзяцца археалагічныя пошукі на месцы, дзе калісьці быў размешчаны палац Святаполк-Мірскіх канца XIX стагоддзя. Работы вядуцца пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірыны Ганецкай. Нечакана даследчыкі знайшлі фрагменты будынка канца 16 - пачатку 17 стагоддзяў, якога няма ні на адной гістарычнай карце.

У працэсе работы выяўлены цэлы шэраг важных археалагічных знаходак. Так, знойдзены фрагменты кафлі, чарапіцы, сталовай керамікі, а таксама «цагліна - пальчатка», якія датуюцца 16-17 стагоддзямі.

Расчышчаны падмурак былога дома аканома XIX стагоддзя, а таксама лесвіца. Як расказала Ірына Ганецкая, дадзеная лесвіца па ўсёй верагоднасці знаходзілася ўнутры памяшкання. Зыходзячы з планаў будынка пачатку ХХ стагоддзя, палац быў крыжападобнай сіметрычнай формы: галоўны корпус выцягнуты, а з двух бакоў - прыбудовы. Дык вось гэтая лесвіца, хутчэй за ўсё, і з’яўляецца часткай адной з іх, - патлумачыла Ірына Уладзіміраўна. Позні палац Святаполк-Мірскіх вырас, як цяпер аказалася, на больш старажытным падмурку.

У цяперашні час археолагамі вывучана тэрыторыя больш чым у 200 квадратных метраў.

Падчас знаёмства з вынікамі археалагічных раскопак на тэрыторыі музея “Замкавы комплекс “Мір” Старшыня Прэзідыума Уладзімір Гусакоў падкрэсліў важнасць археалагічных работ, якія праводзяцца, і іх значэнне для захавання гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа.

Дадзеныя археалагічныя работы з’яўляюцца першым крокам у рэалізацыі Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і музеем “Замкавы комплекс “Мір”. Дакумент падпісаны ў снежні 2015 года.

Музей “Замкавы комплекс “Мір” - унікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі. У 2000 годзе Мірскі замак быў уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.