Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.09.2016

Прынята рашэнне аб стварэнні Беларуска-кітайскага аналітычнага цэнтра развіцця

У ходзе візіту ўрадавай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Кітай заключаны пакет пагадненняў і мемарандумаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. Адпаведныя дакументы прыняты 29 верасня ў Пекіне ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна. Сярод іншых дакументаў было прынята рашэнне аб стварэнні Беларуска-кітайскага аналітычнага цэнтра развіцця. Адпаведнае пагадненне заключылі НАН Беларусі і Кітайская акадэмія грамадскіх навук.

Таксама 29 верасня 2016 года ў Пекіне адбылася прэзэнтацыя кітайскага перакладу кнігі “Беларусь: старонкі гісторыі” пад рэдакцыяй акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандра Кавалені.

Віцэ-прэзідэнт Акадэміі грамадскіх навук Кітая (АОНК) Цай Фан паведаміў, што пераклад кнігі беларускіх вучоных быў выкананы ў рамках адпаведнага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж АОНК і НАН Беларусі. У кнігу ўключаны найноўшыя дасягненні ў сферы вывучэння гісторыі Беларусі і праведзены паглыблены аналіз грамадства, эканомікі, культуры і гісторыі Беларусі з даўніх часоў да XXI стагоддзя.

”Упэўнены, што дадзеная кніга дапаможа кітайскаму народу больш глыбока азнаёміцца з гісторыяй Беларусі, а таксама будзе садзейнічаць умацаванню ўзаемнага даверу паміж народамі дзвюх краін”, - сказаў Цай Фан.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў плённае развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Падпісанае ў 2015 годзе пагадненне аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і АОНК заклала трывалую аснову для такога ўзаемадзеяння. Пераклад на кітайскую мову кнігі “Беларусь: старонкі гісторыі” стаў важнай падзеяй у супрацоўніцтве Інстытута гісторыі НАН Беларусі з Інстытутам Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі АОНК.

Уладзімір Гусакоў выказаў упэўненасць у тым, што кніга “Беларусь: старонкі гісторыі” дазволіць кітайскаму народу, асабліва маладому пакаленню, больш даведацца пра гісторыю Беларусі, а таксама будзе садзейнічаць умацаванню дружалюбных беларуска-кітайскіх адносін.

Паводле інфармацыі БЕЛТА