Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.11.2016

У НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання

9 лістапада 2016 года ў НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання пры НАН Беларусі. На мерапрыемстве было разгледжана пытанне “Маніторынг харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь - 2015: сацыяльна-эканамічныя аспекты павышэння якасці харчавання насельніцтва”. Была нададзена ўвага пытанням маніторынгу паказчыкаў якасці і бяспекі харчовай прадукцыі, праблемам маркіроўкі і рэкламы харчовых прадуктаў.

У пасяджэнні Міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання пры НАН Беларусі прынялі ўдзел члены Міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання, кіраўнікі арганізацый НАН Беларусі, вядомыя вучоныя, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны. Як адзначыў, выступаючы на пасяджэнні, Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, у Беларусі мэтазгодна надаваць увагу пытанням навукова абгрунтаванага рацыянальнага харчавання насельніцтва. “На цяперашнім этапе развіцця неабходна весці гаворку аб навукова абгрунтаваным рацыянальным харчаванні насельніцтва. Сёння праблемы харчавання мэтазгодна разглядаць прынцыпова па-новаму: як накарміць якаснымі прадуктамі, якія б не толькі папаўнялі энергетычныя затраты чалавека, але і выконвалі аздараўленчую функцыю”, - сказаў Уладзімір Гусакоў.

Сёння ў краіне не толькі вырашана праблема харчовай бяспекі, Беларусь, паводле слоў Уладзіміра Гусакова, стала прадуктазбыткоўнай краінай. “У свеце такіх краін мала”, - заўважыў ён. Больш за 30% вырабленага харчавання рэспубліка экспартуе.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі адзначыў, што ў краіне дасягнуты блізкі да аптымальнага крытэрый харчовай бяспекі па шэрагу напрамкаў. “Сёння стаіць задача аптымізаваць структуру харчавання насельніцтва, забяспечыць яго якаснымі і бяспечнымі прадуктамі”, - сказаў ён.