Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.11.2016

Нанатэхналогіі і новыя матэрыялы абмяркоўваліся на навуковых канферэнцыях у НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве

У Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве 22-25 лістапада 2016 года прайшла V Міжнародная навуковая канферэнцыя “Нанаструктурныя матэрыялы - 2016: Беларусь - Расія – Украіна” (нана-2016) і VII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Актуальныя праблемы фізікі цвёрдага цела “(ФТТ-2016).

У форуме прынялі ўдзел вядучыя вучоныя Беларусі, Расіі і Украіны. Яны абмеркавалі сучасны стан і праблемы нанаструктурнага матэрыялазнаўства, каардынацыю намаганняў у галіне атрымання, даследавання і прымянення нанаструктураваных матэрыялаў. У праграме канферэнцый былі пленарныя, стэндавыя і секцыйныя даклады, круглыя сталы, выстава перспектыўных матэрыялаў.

Сярод найбольш цікавых агучаных у рамках ФТТ-2016 тэм - стрэйнтроніка крамянёвых гетэраструктур з квантавымі кропкамі, магнітакаларычны эфект у зменных магнітных палях, сонечныя элементы на аснове гібрыдных аргана-неарганічных матэрыялаў са структурай пераўскіта, гідраксіапатытавая пенакераміка, уплыў вадароду на электрычныя ўласцівасці кампазітаў і г.д.. Як адзначыў у час адкрыцця мерапрыемства генеральны дырэктар НПЦ па матэрыялазнаўстве Валерый Федасюк, падобныя канферэнцыі дазваляюць абагульніць вопыт і знайсці новыя напрамкі для працы.

У рамках нана-2016 разглядаліся такія напрамкі, як інжынерыя паверхні, 3d-прынтаванне, фізіка-хімія нанаструктураваных матэрыялаў. Шмат гаварылася аб розных нанаструктурных металах, сплавах, кераміцы і нана-кампазітах, вугляродных нанаматэрыялах (такіх як графен, фулерэны, вугляродныя нанатрубкі і матэрыялы на іх аснове). Асобна гаворка ішла аб нанаэлектроніцы, оптаэлектроніцы, спінтроніцы, нанасэнсарах, магнітных нанаматэрыялах і іх практычным выкарыстанні.