Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.01.2017

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакова з Днём беларускай навукі

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сардэчна віншую навуковую грамадскасць нашай краіны, усіх, для каго навука з’яўляецца справай жыцця, з прафесійным святам - Днём беларускай навукі!

2017 год аб’яўлены Кіраўніком дзяржавы ў нашай краіне Годам навукі. Гэтае рашэнне - не толькі прызнанне дасягненняў вучоных краіны, але і вялікая адказнасць. Мы павінны зрабіць усё, каб апраўдаць высокі давер.

У Акадэміі навук у апошнія гады склалася добрая традыцыя складаць пералікі вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак сусветнага ўзроўню і на іх базе фарміраваць “ТОП-10”. У спіс па выніках 2016 года ўвайшлі навуковыя дасягненні ў галіне фундаментальных даследаванняў. Яны ахопліваюць галіны квантавай і лазернай фізікі, інфарматыкі і матэрыялазнаўства, хіміі і мікрабіялогіі, археалогіі і земляробства.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў Навагоднім звароце падкрэсліў: “Прыярытэт для нас - інавацыйны шлях. Надыходзячы Год навукі павінен прайсці пад знакам абнаўлення краіны і адкрыццяў ва ўсіх галінах жыццядзейнасці. Але любыя навуковыя дасягненні і распрацоўкі павінны эфектыўна ўкараняцца ў вытворчасць”. Трэба адзначыць, што навука ў Рэспубліцы Беларусь заўсёды была высокарэзультатыўнай, яна адпавядае духу часу і сусветным крытэрыям. Цяпер навука максімальна інтэгравана ў эканоміку. Практычна 85% інвестыцый накіроўваюцца на даследаванні прыкладнога характару ў інтарэсах галін. У нас няма вынікаў, якія ляжаць на паліцы - усе яны эфектыўна выкарыстоўваюцца. Мяркуем, што Год навукі ўнясе істотны ўклад у фарміраванне іміджу Рэспублікі Беларусь як краіны з высокімі паказчыкамі інтэлектуальнага і чалавечага капіталу. Навука сёння - гэта грамадства заўтра.

Акадэмія навук годна завяршыла мінулы год. Выкананы асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Пачалі працаваць створаныя на базе НАН Беларусі многія міждысцыплінарныя навукова-даследчыя цэнтры і навукова-тэхналагічныя кластары пошукавага і стратэгічнага характару. Па найбольш запатрабаваных напрамках ствараюцца скразныя навукова-вытворчыя аб’яднанні. Зарэгістраваны навукова-тэхналагічны парк БелБіяград, прызваны забяспечыць рэалізацыю поўнага цыкла ад даследаванняў і распрацовак да вытворчасці навукаёмістай прадукцыі. Пашырыліся міжнародныя навуковыя сувязі. За выдатныя дасягненні многія прадстаўнікі навукі былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. Таленавітым маладым навукоўцам прызначаны прэзідэнцкія стыпендыі.

Маштабныя задачы стаяць перад Акадэміяй у 2017 годзе. Грамадства чакае ад вучоных яркіх навуковых ідэй, прарыўных тэхналогій для паспяховага развіцця народнагаспадарчага комплексу краіны, павышэння якасці жыцця беларускіх людзей. Вучоныя Акадэміі навук павінны стаць на чале буйнамаштабных навуковых распрацовак, стварыць комплекснае навуковае забеспячэнне пры фарміраванні новых галін і вытворчасцей, устанавіць прамы рух вынікаў фундаментальных даследаванняў і прыкладных распрацовак у вытворчасць, стварыць трывалую базу росту навукаёмістасці беларускай эканомікі.

Жадаю вам, дарагія сябры, новых адкрыццяў, увасаблення ў рэальных праектах самых яркіх ідэй.

Шчасця, дабрабыту і здароўя вам і вашым блізкім!

Упэўнены, што ў нас усё атрымаецца!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік