Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.04.2017

НАН Беларусі аб’яўляе аб правядзенні рэспубліканскіх конкурсаў, прысвечаных Году навукі

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні ў 2017 годзе рэспубліканскіх конкурсаў, прысвечаных Году навукі, па наступных намінацыях: “Лепшая навуковая работа ў галіне фундаментальных даследаванняў”; “Лепшая навуковая работа ў галіне прыкладных даследаванняў”; “Лепшая навуковая работа ў галіне гуманітарных навук”; “Лепшая навуковая работа маладых вучоных”; “Лепшая навуковая распрацоўка”; “Лепшая публікацыя аб навуцы”.

У сувязі з абвяшчэннем у Рэспубліцы Беларусь 2017 года Годам навукі пастановай Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 23 сакавіка 2017 г. № 19 заснаваны рэспубліканскія конкурсы, прысвечаныя Году навукі. Па выніках конкурсаў прысуджаюцца шэсць Прэмій Года навукі ў памеры 150 базавых велічынь кожная.

Саіскальнікамі Прэмій Года навукі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь - работнікі навуковых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых арганізацый і ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прэміі могуць прысуджацца як індывідуальным аўтарам, так і аўтарскім калектывам, якія складаюцца не больш чым з 5-ці чалавек.

Вылучэнне кандыдатур ажыццяўляецца навуковымі арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншымі навуковымі арганізацыямі і ўстановамі адукацыі Рэспублікі Беларусь на пасяджэннях калегіяльных органаў кіравання, вучоных (навукова-тэхнічных) саветаў або сходах калектываў работнікаў.

У склад работ (распрацовак), якiя вылучаюцца на Конкурсы Года навукі, уключаюцца вынікі, атрыманыя за 2015-2017 гады.

Патрабаванні да матэрыялаў па вылучэнні работ (распрацовак) на Конкурсы Года навукі выкладзены ў Палажэнні аб рэспубліканскіх конкурсах, прысвечаных Году навукі, зацверджаным пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 23 сакавіка 2017 г. № 19.

Матэрыялы па вылучэнні работы (распрацоўкі) на Конкурсы Года навукі накіроўваюцца ў адным экзэмпляры да 1 кастрычніка 2017 г. у Камісію НАН Беларусі па прэміях з указаннем намінацыі: “На саісканне Прэмій Года навукі ў намінацыі ______________________” па адрасе: 220072, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 66, каб. 317, 406. Тэл. для даведак: (017) 284-24-56; (017) 284-28-26.