Кніга “Прымаўкі ды прыказкі - мудрай мовы прывязкі: (з адвечнай мудрасці народнай)” - вынік першага навуковага форуму вучоных-гуманітарыяў Беларусі і Кітая, які прайшоў у верасні 2015 года ў Шанхаі і Пекіне. У анталогіі сабраны найбольш тыповыя прыказкі і прымаўкі беларускай мовы, прадубліраваныя перакладам на кітайскую мову. Каштоўнасцю выдання з’яўляецца яго багатае мастацкае афармленне, якое стала вынікам першага вопыту сумеснай творчай працы Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Падчас прэзентацыі кнігі адбудзецца выстава работ мастакоў, якія прынялі ўдзел у яе стварэнні. Наведвальнікі змогуць убачыць ілюстрацыі з прадстаўленага выдання ў выставачным фармаце, а таксама на экране - у выглядзе мультымедыйнай прэзентацыі.
Дэвіз другой кнігі “Архітэктура нацыянальная і архітэктура фрактальная”: дзве культуры - адзін шлях, адлюстроўвае паралелі ў мастацтве і архітэктуры Беларусі і Кітая. У ёй раскрыты агульныя рысы і нацыянальныя асаблівасці ў духоўным успрыманні прыроды, семантыкі і семіётыкі жылля, горада, футурыстычных ідэй фарміравання заселенага асяроддзя. Навізной і арыгінальнасцю адрозніваецца раздзел, прысвечаны аўтарскай тэорыі ідэнтычнасці ў архітэктурнай і мастацкай графіцы. Падрабязна разглядаюцца фрактальныя архетыпы ў мастацтве, самападабенства як кампанент парадыгмы сучаснай культурнай ідэнтычнасці. Аўтар кнігі - акадэмік Аляксандр Іванавіч Лакотка. Арганізатары прэзентацыі - Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.
У мерапрыемстве, якое пройдзе ў рамках Года навукі, прымуць удзел: прадстаўнікі пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя пры БДУ, Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Выдавецкага дома “Беларуская навука”, прадстаўнікі творчых ВНУ.