Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.06.2017

Арганізацыі НАН Беларусі прадстаўляюць на Міжнароднай выставе-канферэнцыі ў галіне высокіх тэхналогій «eMerge Americas» 33 новыя распрацоўкі

НАН Беларусі прымае ўдзел у Міжнароднай выставе-канферэнцыі ў галіне высокіх тэхналогій «eMerge Americas», якая праходзіць 12-13 чэрвеня ў г. Маямі (ЗША). Выстава праводзіцца з мэтай прыцягнення і аб’яднання інвестараў ЗША, амерыканскага кантынента і Еўропы для абмеркавання перадавых тэхналогій.

Ад НАН Беларусі ў выставе-канферэнцыі прымаюць удзел 6 арганізацый:

  • НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі;
  • ДНУ «Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі»;
  • УП «Гаспадарчаразліковая вопытная вытворчасць Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі»;
  • ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі»;
  • НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве;
  • ДНУ «Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі»
  • На стэндзе НАН Беларусі ў выглядзе натурных узораў і інфармацыйных матэрыялаў прадстаўлены тэхналогіі для ачысткі вады, праграмнае забеспячэнне для аўтаматычнага выяўлення прыкмет захворванняў на аснове перадавых метададаў глыбіннага навучання (Deep Learning), тэхналогіі і ўзоры новых матэрыялаў і інш. На конкурс стартап праектаў «StartUp Showcase», які праводзіцца ў рамках выставы, ад НАН Беларусі пададзены 4 праекты. Праекты дэманструюць распрацоўкі маладых вучоных у галіне мікрабіялогіі, медыцыны, нанатэхналогій і новых матэрыялаў.

    Акрамя ўдзелу ў насычанай дзелавой праграме выставы, для дэлегацыі НАН Беларусі запланавана наведванне гандлёва-прамысловай палаты «Beacon Council» (акруга Маямі-Дэйд) і круглы стол з афіцыйнымі прадстаўнікамі акругі Маямі-Дэйд і «Beacon Council», правядзенне серыі сустрэч і мерапрыемстваў у рамках Беларускага дня ў г. Форт-Лодэрдэйле і акрузе Бровард з удзелам бізнесменаў і кіраўніцтва горада і акругі.

    Чакаюцца істотныя вынікі ад удзелу ў першай для НАН Беларусі выставе ў ЗША: папярэдне прапрацаваны пытанні зацвярджэння планаў работ па 2 новых праектах, плануецца падпісанне пагаднення аб атрыманні доступу да буйнейшай міжнароднай базы даных МРТ выяў мозгу, а таксама заключэнне раду дагавораў аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

    Заг. сектара Кансультацыйна-метадычнага цэнтра НАН Беларусі
    В.А. Шчатко