Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.06.2017

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа прызнана лепшай навуковай бібліятэкай года

16 чэрвеня 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Лепшая бібліятэка года”, арганізаванага ГА “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя” і ТАА “Агенцтва Уладзіміра Граўцова” ў рамках святкавання 25-годдзя стварэння грамадскага прафесійнага аб’яднання бібліятэкараў Беларусі. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 50 бібліятэк краіны па 5 намінацыях. Па рашэнні журы Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі была названая пераможцай конкурсу ў намінацыі “Лепшая навуковая бібліятэка”.

Перамогу ЦНБ НАН Беларусі прынёс навукова-папулярны праект Навуковы Рынг, які стаў інавацыйным як у сферы папулярызацыі навукі ў Беларусі, так і ў дзейнасці бібліятэк. Асноўнымі крытэрыямі выбару пераможцаў конкурсу былі: актуальнасць і сацыяльная значнасць прадстаўленага праекта, выніковасць, эфектыўнасць укаранення ў практыку, ступень змястоўнасці праекта, інавацыйнасць мерапрыемстваў праекта, выкарыстанне найноўшых тэхналогій, прыцягненне спонсарскіх, грантавых сродкаў і інш.