Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.06.2017

НАН Беларусі і Хэнаньскі ўніверсітэт (КНР) падпісалі Дагавор аб супрацоўніцтве

26 чэрвеня 2017 года ў НАН Беларусі падпісаны Дагавор аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Хэнаньскім універсітэтам (КНР). Дакумент падпісалі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў і рэктар Хэнаньскага ўніверсітэта прафесар Лоу Юаньгун.

Як падкрэсліў на цырымоніі падпісання Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў: “Гэты важны дакумент стане асновай для аб’яднання намаганняў вучоных Беларусі і Кітая для дасягнення значных навуковых вынікаў”.

Дагавор аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Хэнаньскім універсітэтам накіраваны на ўсталяванне стратэгічнага супрацоўніцтва ў мэтах вывучэння сацыяльна-культурнай і эканамічнай праблематыкі рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”.

Супрацоўніцтва вучоных Беларусі і Кітая будзе ажыццяўляцца шляхам арганізацыі і правядзення сумесных адукацыйных мерапрыемстваў і навуковых даследаванняў розных аспектаў развіцця эканамічнага пояса шаўковага шляху ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне; правядзення сумесных канферэнцый, семінараў, летніх школ, круглых сталоў для вучоных, выкладчыкаў, магістрантаў, аспірантаў і студэнтаў; арганізацыі сумеснай падрыхтоўкі аспірантаў (дактарантаў); правядзення стажыровак акадэмічных спецыялістаў абодвух бакоў, а таксама падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі навукова-педагагічных кадраў; сумесных адукацыйных і выдавецкіх праектаў; абмену навуковай і навукова-метадычнай літаратурай; узаемнай публікацыі навуковых артыкулаў у навуковых выданнях Бакоў. Тэрмін дзеяння Дагавора - 5 гадоў з моманту падпісання. У час перагавораў пра перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва кіраўніцтва НАН Беларусі і Хэнаньскага ўніверсітэта дамовілася аб падрыхтоўцы пераліку сумесных навуковых праектаў па напрамках супрацоўніцтва, якія маюць узаемны інтарэс. Сярод іх - праекты ў галіне гуманітарных навук, новых матэрыялаў, машынабудавання, нанатэхналогій.

Даведачна. Хэнаньскі ўніверсітэт з’яўляецца вядучай установай вышэйшай адукацыі ў правінцыі Хэнань з агульнай колькасцю 30 тыс. студэнтаў. Сёння ўніверсітэт рыхтуе спецыялістаў па 12 магчымых напрамках: эканоміка, педагогіка, юрыспрудэнцыя, філасофія, медыцына, філалогія, аграномія, гісторыя, прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі, менеджмент, мастацтва. Працуе 35 інстытутаў, ступень бакалаўра можна атрымаць па 89 спецыяльнасцях, магістра - па 42 спецыяльнасцях першага ўзроўню. Таксама ёсць 18 напрамкаў класічнай магістратуры, 12 напрамкаў дактарантуры і 15 спецыяльных даследчых цэнтраў для постдактароў.