Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.06.2017

У Інстытуце лесу Міжнародная школа-канферэнцыя маладых вучоных “Лясная навука, моладзь, будучыня”

З 26 па 30 чэрвеня 2017 г. у г. Гомелі на базе ДНУ “Інстытут лесу НАН Беларусі” (г. Гомель, Інстытут лесу НАН Беларусі, вул. Пралетарская, 71) адбудзецца Міжнародная школа-канферэнцыя маладых вучоных “Лясная навука, моладзь, будучыня”, прымеркаваная да абвешчанага ў Беларусі Года навукі.

Адкрыццё форуму адбудзецца 27 чэрвеня ў 12:00

На школу-канферэнцыю заяўлена 99 дакладаў 146 вучоных, якія прадстаўляюць 50 навукова-даследчых, адукацыйных і лесагаспадарчых устаноў Беларусі і 11 замежных дзяржаў (Арменія, Балгарыя, Венгрыя, Казахстан, Латвія, Малдова, Польшча, Расія, Румынія, Украіна, Швецыя). Колькасць замежных удзельнікаў складае каля 50%. Школа-канферэнцыя ўключана ў Пералік навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных мерапрыемстваў, якія плануюцца да правядзення арганізацыямі НАН Беларусі ў 2017 годзе. Тэматыка мерапрыемствы адпавядае прыярытэтным напрамкам навукова-тэхнічнай дзейнасці і навуковых даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гады.

Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытут лесу НАН Беларусі, ГА “Беларускае таварыства лесаводаў”.

Мэтай школы-канферэнцыі з’яўляецца прыцягненне маладых вучоных, аспірантаў і магістрантаў да абмеркавання актуальных навуковых праблем і інавацый у галіне вядзення комплекснай лясной гаспадаркі, павышэнне іх кваліфікацыі, развіццё творчых навуковых сувязей паміж пакаленнямі вучоных, інтэграцыя з замежнымі спецыялістамі. Для ўдзельнікаў школы-канферэнцыі будуць прачытаны лекцыі запрошаных вядучых вучоных, на секцыйных пасяджэннях заслуханы вусныя даклады ўдзельнікаў, праведзена стэндавая сесія. У дакладах маладых даследчыкаў знойдуць адлюстраванне вынікі сучасных даследаванняў у галіне лесазнаўства, лесаводства, лесаўпарадкавання і лясной таксацыі; біялогіі і экалогіі лесу, лясной радыеэкалогіі; узнаўлення лясоў; лясной селекцыі, насенняводства, генетыкі і біятэхналогіі; аховы і абароны лесу; пабочнага лесакарыстання; лесапаркавай гаспадаркі і ландшафтнай архітэктуры; запаведнай справы.

Па выніках працы школы-канферэнцыі плануецца прыняць рэзалюцыю, у якой будзе дадзена ацэнка навуковых дасягненняў у галіне вядзення лясной гаспадаркі і ўзнаўлення лясоў, атрыманых з удзелам маладых вучоных, вызначаны перспектыўныя шляхі інтэграцыі фундаментальнай навукі, адукацыі і вытворчасці. У адпаведнасці з навуковай праграмай пленарнае і секцыйныя пасяджэнні школы-канферэнцыі будуць праводзіцца ў ДНУ “Інстытут лесу НАН Беларусі”. Плануецца арганізацыя і правядзенне экскурсій, вучэбна-практычных палявых заняткаў у ДЛГУ “Каранёўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу НАН Беларусі”, лесагаспадарчых установах Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

У далейшым арганізатары школы-канферэнцыі плануюць працягнуць сваю дзейнасць і праводзіць мерапрыемства на рэгулярнай аснове.