Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.09.2017

Беспілотнікі НАН Беларусі падключыліся да пошуку хлопчыка, які прапаў

Па просьбе МНС Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў” НАН Беларусі (РУП “НПЦ МБК” НАН Беларусі) у ноч з чацвярга (21 верасня) на пятніцу (22 верасня) падключыліся з дапамогай палётаў беспілотных лятальных апаратаў “Бусел М 40” да пошуку ў Свіслацкім раёне (н.п. Новы Двор) хлопчыка, які прапаў. У ходзе начных вылетаў былі выяўлены каардынаты шэрагу месцаў, у якіх можа знаходзіцца прапаўшае дзіця. Па атрыманых даных ратавальнікі з раніцы абследуюць выяўленыя з дапамогай цеплавізараў, устаноўленых на БЛА «Бусел М 40» месцы магчымага знаходжання дзіцяці. Пошукавыя палёты беспілотных лятальных апаратаў, якія распрацаваны і серыйна выпускаюцца ў НАН Беларусі, будуць працягвацца і днём.
У цяперашні час РУП “Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў” НАН Беларусі выпускае беспілотныя лятальныя апараты “Буравеснік” грамадзянскага і спецыяльнага прызначэння, “Бусел М”, “Бусел М 40”, а таксама дырыжаблі, створаныя па апошнім слове навукі і тэхнікі. Яны серыйна вырабляюцца і паспяхова эксплуатуюцца як унутры краіны, так і за мяжой - у Расіі, Сярэдняй Азіі, краінах Азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна.