Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.10.2017

У НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Сёмага Беларускага касмічнага кангрэса

24 кастрычніка 2017 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Сёмага Беларускага касмічнага кангрэса. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі НАН Беларусі і Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі.

На форуме 24-26 кастрычніка 2017 года плануецца заслухаць больш за 120 дакладаў вучоных і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і шэрагу іншых краін.

Мэтамі кангрэса з’яўляюцца:
●абмеркаванне новых дасягненняў у касмічнай галіне, вызначэнне прыярытэтных напрамкаў развіцця касмічнай дзейнасці;
●умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследаванняў і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах;
●пашырэнне сумесных намаганняў беларускіх і замежных дзелавых колаў, фірм, кампаній, вучоных і спецыялістаў, накіраваных на выкананне касмічных праграм, аналіз ходу іх рэалізацыі і выбар перспектыўных напрамкаў далейшых даследаванняў;
●развіццё партнёрства ўрадавых і грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і арганізацый розных форм уласнасці па выкарыстанні касмічных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах розных галін эканомікі.

У пленарных дакладах былі асветлены тэмы інавацыйных тэхналогій у праектаванні інфармацыйных сістэм забеспячэння надзейнай і бяспечнай эксплуатацыі ракетна-касмічнай тэхнікі і аб’ектаў наземнай касмічнай інфраструктуры, вынікі рэалізацыі беларускай часткі праграмы Саюзнай дзяржавы “Маніторынг-СД” і перспектывы супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй, Украінай і іншымі краінамі СНД у касмічнай сферы.

Кангрэс працягне працу па сямі секцыях, у рамках якіх удзельнікі абмяркуюць: стварэнне перспектыўных матэрыялаў і элементнай базы для касмічнай тэхнікі; інавацыйныя праграмы, праекты і тэхналогіі ў ракетна-касмічнай галіне; распрацоўку мэтавай і навуковай апаратуры; сродкі і метады апрацоўкі і адлюстравання даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і іншыя пытанні.

Падчас правядзення кангрэса ў холе Прэзідыума НАН Беларусі была разгорнута работа выставы навукова-тэхнічнай прадукцыі касмічнага прызначэння, на якой прадстаўлены вынікі рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы па касмічнай тэматыцы, а таксама экспазіцыі дзіцячага малюнка, тэхнічнай і навукова-папулярнай літаратуры.